«Лукашэнка – гэта вайна». Рэпартаж з акцыі супраць расейскіх базаў

photo

У цэнтры Менску адбыўся трэці народны сход, які арганізаваў Мікалай Статкевіч. Людзі пратэставалі супраць расейскай вайсковай базы, якую могуць размясціць пад Бабруйскам. Падчас акцыі было абвешчана аб стварэнні новага руху ў падтрыманне незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі.


Наагул, зразумець, што акцыя прысвечана вайсковым базам можна было па некалькіх плакатах, якія прынеслі ўдзельнікі. У астатнім рыторыка выступоўцаў не моцна рознілася ад мінулага сходу – улада не выбіраецца, а таму беларусы не могуць уплываць на яе рашэнні. Статкевіч ужо традыцыйна паўтараў пра тое, што такіх акцыяў не было ў Менску пяць год і сам факт правядзення – ужо поспех. Тут жа збіралі подпісы пад зваротам да Міністэрства абароны. Падпісвалі без энтузіязму і без асаблівай веры ў магчымасць паўплываць на сітуацыю. Прыкладна ў гэты момант Юрась Губарэвіч казаў, што ў выпадку змяшчэння базы на акцыі пратэсту выйдуць дзясяткі і сотні тысяч беларусаў. Сёння было паўтысячы.

«Лукашэнка гэта вайна» – новы лозунг, якім каротка можна апісаць змест усіх прамоваў. Мікола Статкевіч, Зміцер Дашкевіч і Франак Вячорка яшчэ ўчора выступалі ў Варшаве падчас «Салідарных з Беларуссю», а сёння прыйшлі на акцыю ў цэнтры Менску. Быў Аляксандр Мілінкевіч з Інай Кулей, Адам Глобус, Святлана Завадская, Павел Севярынец. Уладзімір Арлоў. Сёння ўдзельнікаў не было больш, чым мінулым разам – заклік прыводзіць знаёмых не спрацаваў, нягледзячы на выходны дзень і добрае надвор’е.

Бел-чырвона-белыя сцягі і сэлфі

bs0410acyja-3

У сацыяльных сетках заклікалі прыносіць больш нацыянальнай сімволікі – у выніку лунала з дзесяць бел-чырвона-белых сцягоў, некалькі еўразвязаўскіх і адзін вялікі «Маладога Фронту». Тут жа лідары МФ раздавалі запрашэнні на з’езд, які мае адбыцца 10-га кастрычніка. Мікола Дземідзенка быў з сынам, яго шмат фатаграфавалі.

Міма праходзіла шмат людзей, моладзь рабіла сэлфі на фоне сцягоў. Але выступоўцаў не слухалі, бо каб іх пачуць трэба было прабірацца ў натоўп.

«Адныя і тыя ж твары, што з аднаго боку, што з іншага» – наракаў адзін з удзельнікаў мітынгу, якога таксама смела можна запісаць у тыя ж «адныя твары». Мы размаўлялі на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў, тут ужо не было чуваць выступоўцаў. Як і падчас мінулай акцыі, арганізатары не асабліва дбаюць пра гукаўзмацняльную апаратуру.

Наагул, размовы людзей на мітынгу – гэта нешта. Напрыклад, людзі ўсурёз размаўлялі пра Саюзную дзяржаву як пра саюз народаў, у якіх проста кепскія кіраўнікі. Тут жа фаталістычна чакалі другую Сірыю ў Беларусі, а маладыя людзі прагнулі новых лідараў апазіцыі – харызма Статкевіча ўжо не дзейнічае так, як гэта было два-тры тыдні таму.

Усіх запісалі ў новы Рух


З’яўленне працаўнікоў міліцыі выклікала ажыўленне. Лозунгі супраць расейскай вайсковай базы і нават «Жыве Беларусь» гукалі не так моцна, як «ганьба», адрасаванае праваахоўнікам. У натоўпе, адчувалася, што многім не хапае менавіта супрацьстаяння з уладамі, затрыманняў і АМАПу. Спакойная рэакцыя міліцыі, некалькі ціхароў – гэта не дае драйву вулічных акцый нават сярэдзіны нулявых. У нейкі момант людзі пачалі патрабаваць вызвалення палітвязняў.

Сёння прымалі рэзалюцыю, якую дашлюць беларускаму ўраду. Людзі падымалі рукі. Падняццем рук стварылі і новы рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». «Такія назвы – ужо хвароба», – кажа ўдзельнік мітынгу з паднятай рукой. Ён таксама спрычыніўся да стварэння новай сілы з «нездаровай» назвай. Тут жа абіралі і аргкамітэт, Някляеў зачытваў прозвішчы каардынатараў па абласцях, людзі не так актыўна, але падымалі рукі. Не ўсё было адзінагалосна, нехта ў натоўпе быў супраць, але яго запісалі ў правакатары. «Ён не хоча незалежнасці, ён за расейскія базы, не трэба слухаць правакатараў» – рэзюміраваў Някляеў.

Уладзіміра Някляева абралі старшынём, Мікола Статкевіч стварэнне руху падтрымаў. Хоць казаць пра тое, што «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» паўстаў на вуліцы нельга. Уладзімір Някляеў абвесціў пра стварэнне руху яшчэ ў траўні, тады ж адбыўся ўстаноўчы сход. Як ні дзіўна, але тады былога кандыдата ў прэзідэнта таксама абралі старшынём.

Мэта новай сілы – абарона незалежнасці краіны, стваральнікі хочуць абстрагавацца ад адной палітычнай сілы і стварыць больш шырокі фронт барацьбы за Беларусь.

Наступная акцыя – 10 кастрычніка, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Магчыма, гэта будзе апошняе мерапрыемства такога фармату – што казаць пасля выбараў і ці будуць людзі гэта слухаць вялікае пытанне. Ці прагучыць праз тыдзень нешта новае і ці будзе іншы сцэнар – пакуль невядома. Але размоваў пра Плошчу і шматдзённы пратэст сёння не было.

Іван Шыла, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары