Лукашэнка – фермерам Шклоўшчыны: вы першыя атрымаеце зямлю ва ўласнасць


Час на ўвядзенне права ўласнасці на зямлю, паводле Аляксандр Лукашэнкі, яшчэ не надышоў. «Мы гэтае пытанне будзем разглядаць. Калі гэта пры мне будзе, то я гарантую, што вы будзеце першымі, хто атрымае права прыватнай уласнасці на зямлю», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з фермерамі Шклоўшчыны ў аграгарадку «Александрыя».

У бліжэйшы час кіраўнік дзяржавы зладзіць маштабную нараду, прысвечаную рэформам у сельскай гаспадаркі. Пра гэта ён заяўляў падчас свайго паслання да Палаты прадстаўнікоў і беларускага народа.

Паводле прэс-службы прэзідэнта, за апошнія 10 гадоў дзяржава ўклала $ 45 млрд у развіццё вёскі і сельскай гаспадаркі. Цяпер, паводле кіраўніцтва краіны, запэўненая харчовая бяспека краіны.

Адначасова з гэтым, сельская гаспадарка Беларусі, асноваю якой з’яўляюцца калгасы, застаецца непрыбытковаю галіною, што з году на год патрабуе новых датацыяў. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў фермерам спрашчэнні ў сістэме бухгалтарскага ўліку ды даць магчымасць выкупаць арэндаваныя будынкі.

Аднак права ўласнасці на зямлю бліжэйшым часам не будзе ўведзенае. «Давайце не будзем тут спяшацца. Надыдзе час і гэтае пытанне будзе вырашанае. Галоўнае, каб цяпер людзі не баяліся прыходзіць на арэндаваную зямлю, былі ўпэўненыя, што яе ніхто не забярэ», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары