Лукашэнка: Еўразвяз – імперыя і я яе прыхільнік


Беларусь будзе працаваць на абʼяднанне і стабільнасць у Еўропе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з намеснікам прэмʼер-міністра – міністрам замежных і еўрапейскіх справаў Бельгіі Дыдʼе Рэйндэрсам (на фота), паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

«Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі многае залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (ЕЗ – Заўв. president.gov.by). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на абʼяднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучыні ніколі гэтых праблем вам ствараць не будзем», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматполюсны свет і захаванне Еўрапейскага звязу.

«Еўразвяз – гэта наймацнейшы полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі звяз – гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне – быць бядзе. Таму ўсе вашыя «брэкзіты» і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі звяз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя, гэтая пазіцыя зыходзіць з міжнародных ды дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апораў, тым больш устойлівая сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага звязу», – растлумачыў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што зʼяўляецца праціўнікам падвойных стандартаў, якія часам можна заўважыць у палітыцы ЕЗ.

«Я хацеў бы, каб Еўрапейскі саюз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсім свеце: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць, – заявіў Лукашэнка. – Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовыя вучыцца. Але прашу, майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць».

Фота: president.gov.by

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары