Лукашэнка – Элізабэт II: Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні сувязяў з Вялікай Брытаніяй


Элізабэт II з каралеўскай сям'ёю на балконе Бакінгэму.

Лукашэнка павіншаваў Элізабэт II з Днём нараджэння каралевы.

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў каралеву Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі Элізабэт II з Днём нараджэння.

У віншавальнай тэлеграме Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні ўсебаковых сувязяў з Вялікай Брытаніяй на карысць народаў дзвюх краін.

Афіцыйны дзень нараджэння каралевы – сімвалічнае свята, якое адзначаецца ў Вялікай Брытаніі ў першую, другую або трэцюю суботу чэрвеня – гэта залежыць ад надворʼя. На самой справе, каралева нарадзілася 21 красавіка 1926 года.

Надворʼе ў Лондане стаіць удалае – каля Бакінгэмскага палацу сёння прайшла ўрачыстая цырымонія з удзелам 1600 жаўнераў і 300 кавалерыстаў, якая скончылася авіяпарадам летакоў каралеўскіх ВПС. Увечары на Тэмзе адбудзецца таксама гістарычны парад караблёў.

Каралеву на цырымоніі суправаджалі муж Філіп і ўся каралеўская сямʼя.

Элізабэт II ніколі не віншавала Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэння – магчыма таму, што дакладна не вядома, на якую дату прыпадае гэтае свята. Паводле пашпарту, Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня, але сам ён сцвярджае, што 31-га.

ДД, belsat.eu; фота: Toby Melville

Глядзі таксама
Каментары