Лукашэнка едзе ў Кіеў


20-21 ліпеня ў кіраўніка Беларусі запланаваныя перамовы з Пятром Парашэнкам, якія пройдуць у фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе.

У межах візіту яны абмяркуюць урэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны і сітуацыю ў рэгіёне, абмяняюцца думкамі па міжнароднай праблематыцы, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

На павесцы дня таксама развіццё палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай супрацы паміж Беларуссю і Украінай. У гэты ж час распачнецца беларуска-ўкраінскі эканамічны форум.

Плануецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця памежнай супрацы. Варта заўважыць, што візіт адбудзецца напярэдадні сумесных беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», запланаваных на верасень.

«Украіна вельмі зацікаўленая ў тым, каб тэрыторыя Беларусі не выкарыстоўвалася для агрэсіі Расеі супраць Украіны. Украіну турбуюць маштабныя вучэнні пры ўдзеле буйной групоўкі расейскіх войскаў, якія неўзабаве пройдуць у Беларусі. Акрамя таго, Украіна вельмі зацікаўлена ва ўмацаванні суверэнітэту Беларусі, хоць, напэўна, сама Беларусь зацікаўленая ў гэтым яшчэ больш. Таксама важнымі пытаннямі можа стаць эканоміка і паляпшэнне адносін Беларусі з Захадам. Украіна зацікаўлена ў нармалізацыі адносінаў Беларусі з Захадам, у апошні час Беларусь і сама мае пэўныя поспехі ў гэтай сферы», – распавядаў у каментары belsat.eu украінскі палітолаг Аляксандр Палій.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў