Лукашэнка: Дзякуй за пустыя паліцы ў крамах і разгрузку складоў


Кіраўнік Беларусі прапанаваў набываць замест долараў бытавую тэхніку.

Падчас нарады са сваймі памочнікамі па Віцебскай і Гарадзенскай абласцях Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў пакупніцкі ажыятаж у беларускіх крамах.

«Дзякуй людзям, а то ў нас склады былі перагружаны пральнымі машынамі, бытавой тэхнікай, прасамі і іншым. Зараз раптам яны спатрэбіліся і некаторым па пяць, па шэсць адзінак, – адзначыў Лукашэнка. – Таму, з аднаго боку, дзякуй ім за тое, што яны разгрузілі склады».

На фоне абвалу беларускага рубля, або так званай «нефармальнай дэвальвацыі», людзі кінуліся ўкладваць грошы ў бытавую тэхніку.

«Што тычыцца валютнага рынку, людзі ўжо зразумелі, што нельга такую высокую цану плаціць за долар і еўра. І гэта правільна. У рэшце рэшт, сапраўды лепш купіць нейкі тавар, чым набываць долары. Невядома, што заўтра з ім будзе», – падзяліўся сваймі развагамі Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета кіраўнік Беларусі запэўніваў, што абвалу нацыянальнай валюты не будзе. «Беларусь не будзе бегчы за Расеяй і дэвальваваць нацыянальны рубель», – абяцаў 18 снежня кіраўнік Беларусі.

ЮВ, паводле «Вelta.by»

Стужка навінаў