«Лукашэнка даў адмашку і пералічаць жыроўкі назад. А камунальнікі ні пры чым»

video

Відэаапытанка з менскіх вуліцаў пра набалелае – падаражэнне паслугаў ЖКГ.

https://www.youtube.com/watch?v=HbC0Mz7tp7g

«Белсат» звярнуўся да жыхароў сталіцы з пытаннем, ці вінаватыя камунальнікі ў падаражэнні жыровак.

«Там сядзяць міністры, якія чамусьці ў праве вырашаць за кожнага з нас, як нам жыць. Я лічу, што гэта няправільна. Усё ж такі павінны ўзгадняць з народам. Адкуль я ведаю, ці 50 % я аплачваю за кватэру, ці 30 %. Дзе ёсць такая інфармацыя? У мяне прыватызаваная кватэра, у якой я пражыла 46 гадоў. Ні разу не было капітальнага рамонту, а я ўсё плачу», – адказвае жанчына.

Іншая кажа:

«Гэта нехта з вышэйшых кабінетаў, хто сядзіць там на месцы. Можа, яны не ў курсе гэтага ўсяго. А ЖКГ (Міністэрства) не вінаватае гэта дакладна».

Мужчына сталага веку не шкадуе словаў, ён мяркуе, што правільна заўважылі наконт «усё зроблена ад балды»:

«Хаця кіраўнік краіны разносіў, ён што: дагэтуль не ведаў, якія ў яго працаўнікі? Выдатна ведаў! Чаму ён толькі цяпер адрэагаваў, калі народ абурыўся. Ён што: чакае, калі мы, усе пенсіянеры, выйдзем і пойдзем на Плошчу? Не трэба гэтага! Трэба ўсё ж такі глядзець, якія ў насельніцтва прыбыткі, ці можам мы столькі плаціць за кватэру. Вада падаражэла ў 3,5 разы. Гэта мы такія бедныя, што ў нас вады няма?».

Яшчэ адзін мужчына лічыць, што камунальныя тарыфы «пералічаць назад», іншага выйсця няма:

«Прычым тут камунальнікі? Ім зрабілі адмашку – яны і лічаць. А цяпер кіраўнік Беларусі зрабіў адмашку ў адваротны бок, і яны будуць пералічваць назад. Бо іншага варыянта не можа быць».

Наступны кажа, што ніхто не ведае, як фармуюцца тарыфы.

«Нам даводзяць у жыроўцы, дасылаюць: «Столькі і столькі!» Але ж мы не ведаем, як яны гэта склалі. Няхай абгрунтуюць. Вось 13 крымінальных справаў, у межах якіх яны цяпер могуць выступіць з абгрунтаваннем».

Ці на тых завялі крымінальныя справы? Пра гэта даведаецеся ў адмысловым відэасюжэце, што будзе паказаны ў выданні «Аб’ектыў» у вечаровым эфіры нашага тэлеканалу.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары