Лукашэнка даручыў Макею «падумаць над іншымі варыянтамі» амбасадара Беларусі ў Расеі


Лукашэнка і Макей, фота president.gov.by

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей прадставіў кіраўніку краіны спіс магчымых кандыдатаў на пасаду амбасадара ў РФ. Хто канкрэтна сярод прэтэндэнтаў- не паведамляецца.

«Некаторыя кандыдатуры прэзідэнт ацаніў станоўча. Але разам з тым даручыў дадаткова падумаць над іншымі варыянтамі», – цытуе Макея БелТА.

Папярэдні амбасадар Ігар Петрышэнка займаў пасаду з 2012-га. А сёлета, пасля таго, як Лукашэнка змяніў вярхушку ўраду, Петрышэнка быў прызначаны віцэ-прэм’ерам. Да яго беларускую дыпмісію ў Маскве цягам году ўзначальваў Андрэй Кабякоў, які потым чатыры гады пратрымаўся на пасадзе прэм’ера.

Акрамя абмеркавання новага патэнцыйнага амбасадара, Макей і Лукашэнка закранулі пытанне расейска-беларускіх дачыненняў.

«З улікам таго, што абедзве дзяржавы імкнуцца канструктыўна падыходзіць да наяўных рознагалоссяў і праблемах, я перакананы, што нам удасца вырашыць тыя некаторыя рознагалоссі, якія існуюць на дадзены момант», – падкрэсліў міністр.

Тым часам у Менску чакаюць прыбыцця новага абасадара Расеі Міхаіла Бабіча. Гэта можа адбыцца ўжо да канца бягучага тыдня. Адпаведны ўказ аб прызначэнні Бабіча Пуцін падпісаў 24 жніўня, неўзабаве пасля сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы. Адначасова Бабіч будзе выконваць функцыю спецпрадстаўніка прэзідэнта Расеі па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы з Беларуссю.

Па мянушцы «БМВ». Пяць малавядомых фактаў пра Міхаіла Бабіча

У экспертных колах выказваліся засцярогі, што, маючы гэткія паўнамоцтвы, ён можа аказваць пэўны ціск на афіцыйны Менск.

У 2016 годзе Бабіча збіраліся накіраваць на дыпламатычную службу ва Украіну, але Кіеў не даў агрэману. Украінскія палітыкі і эксперты называлі Бабіча «паслом вайны».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары