Лукашэнка – дармаед № 1. Акцыя ў Горадні (абноўлена)


абноўлена

У Горадні на акцыю супраць дэкрэту аб дармаедах прыйшлі пратэставаць 100 асобаў.

Больш за сотню чалавек прайшлі цэнтральнай вуліцай Горадні ў знак пратэсту супраць дэкрэту № 3.

«Лукашэнка сыходзь! Не – дэкрэту нумар 3», – крычалі пратэстоўцы.

Людзі калонай прайшліся па гарадскіх вуліцах. Падчас маршу спявалі «Тры чарапахі» і скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь».

«Я прыйшоў адстойваць свае правы. Улады пераступілі рысу якую нельга было пераступаць», – кажа ўдзельнік акцыі Сяргей. – «Народ іх корміць, адзявае, абувае, яны будуюць катэджы, «Дразды» выбудоўваюць! Якое стаўленне да моладзі, якая не здольная сябе пракарміць і годна існаваць. Канешне, народ не будзе цярпець гэтага, а апошняй кропляй стаў гэты дэкрэт. Давёў людзей. Доўга гэта не пратрымаецца. Гэта ўлада, якая прымушае плаціць падаткі на лісце ў лесе. На катоў, на сабак. Гэта міравое пасмешышча пасярод Еўропы. Людзі адукаваныя, цывілізаваныя. Канешне я супраць усіх гэтых указаў дэбільных».

«Гары ён гарам гэты дэкрэт! Разам з прэзідэнтам нашым і нашай уладай», – кажа наступны пратэстант, – «Я прыйшоў сюды адстойваць свае правы: права на свабоду выбару, на свабоду дзеянняў. Жонцы прыйшоў «ліст шчасця» нядаўна. Я напрыклад, не хачу, каб мая жонка працавала. Я сам нас забяспечваю. Няхай сочыць за хатняй утульнасцю. Гэта нашае права».

«Гэты закон датычыцца кожнага. Нават той, хто працуе сёння, можа аказацца за кратамі. Пасля гэтага дэкрэту можа быць прыняты другі закон трэці, чацвёрты, які будзе прыніжаць годнасць кожнага з нас».

«Гэта абсурдны закон. Людзі не разумеюць, што хатняя гаспадыня, якая глядзіць сваіх дзяцей, таксама аказваецца дармаедкай. Яна гадуе для дзяржавы прыстойных дзяцей. Іх не гадуе вуліца, а гадуе маці, якая расказвае ім пра дабро. Я хачу пратэставаць супраць гэтага».

– кажуць іншыя ўдзельнікі акцыі.

Працаўнікі гарадзенскай міліцыі патрабавалі ў грамадскіх актывістаў спыніць акцыю. На Савецкай плошчы, дзе сабраліся праціўнікі дэкрэту № 3, праваахоўнікі фіксавалі мітынг на відэа.

Онлайн з акцыі недармаедаў ў Гомлі

Наступная акцыя запланавана ў Горадні на 15 сакавіка ў парку Жылібера а 18.00. Прысутныя на акцыі заклікалі пашыраць інфармацыю пра месца наступнага пратэсту, прыходзіць і прыводзіць усіх сваіх знаёмых.

Стужка навінаў