«Лукашэнка, дай вады!» Жыхары пасёлку Ільіч возяць чыстую ваду бутэлькамі з Гомлю


Пасёлак Ільіч у пяці кіламетрах ад Гомлю з выгодаў цывілізацыі можа пахваліцца хіба толькі электрыфікацыяй. Газ дагэтуль не правялі, на дарогі жыхары наракаюць, колькі сябе памятаюць. А летась не стала і пітное вады. Раней выкручваліся дзякуючы калодзежам, але ўзімку вада прапала і там.

«Мы бярэм ваду з гораду. Нашыя дзеці і ўнукі возяць. На цягніку з бутэлечкамі і прывозяць».
«Усе едзем у крынічку, возера там у нас за жалезнай дарогай – усе туды».

Спачатку, натуральна, людзі звярнуліся да мясцовых чыноўнікаў. Тыя паціскаюць плячыма – ва Улакаўскім сельсавеце, да якога належыць вёска, грошай проста няма. Пасля надышла чарга на апошнюю надзею.

«Аляксандр Рыгоравіч, прашу вас просьбаю, калі ласка дапамажыце нам, пенсіянерам, даваенным. Каб нам ваду далі чыстую».
«Вера ёсць і вада будзе. Будзем спадзявацца на нашага прэзідэнта».

Але ці кіраўнік краіны асабіста адказвае за пітную ваду? Праваабаронцы кажуць, што ў нейкім сэнсе – так.

ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Канстытуцыя кажа, што Рэспубліка Беларусь гарантуе правы грамадзянам на здароўе, на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. І калі ёсць такі абавязак, то дзяржаўныя чыноўнікі павінны клапаціцца пра гэта, каб гэта на практыцы для людзей забяспечвалася».

Таму і звяртаюцца людзі да самага галоўнага кіраўніка. І ў выбарчы год абяцаюць яму найважнейшае: «Верым, што Лукашэнка нам дапаможа і мы за яго будзем галасаваць – толькі за яго».

УШ, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары