Лукашэнка бізнесоўцам: Нічога не бойцеся


Кіраўнік дзяржавы паабяцаў спыніць ціск з боку кантрольных ды іншых структур.

«Расказвайце пра існыя праблемы, уносьце канструктыўныя прапановы і, самае галоўнае, нічога ня бойцеся», – сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з чальцамі рабочай групы ў пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў да бізнесу.

Ён заклікаў бізнесоўцаў да «шчырага і адкрытага дыялогу.

«Звяртаюся да прадстаўнікоў дзелавых колаў, асабліва тых, якія тут прысутнічаюць. У працэсе працы вам даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам абсурдных патрабаванняў і бясконцай чарадой праверак. Я вас заклікаю да максімальна сумленнага і адкрытага дыялогу ў групе», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў асабіста зацвердзіць мінімальны набор правілаў для вядзення бізнесу. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі бізнесу пасля таго, як 9 лютага МНС цалкам спыніла праверкі малога і сярэдняга бізнесу.

Другі год запар у Беларусі скарачаецца колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле Міністэрства падаткаў і збораў, з пачатку 2015-га года іх колькасць скарацілася на 13 тысячаў. Найбольш ад праверак з боку МНС пакутавалі індывідуальныя прадпрымальнікі.

Паводле экспертаў, чарговая спроба лібералізацыі ў бізнесе скіраваная не толькі да айчынных прадпрымальнікаў, але і да замежных інвестараў. Напярэдадні стала вядома, што ў 2016-м годзе абʼём замежных інвестыцыяў знізіўся на два $ 2 млрд 700 млн у параўнанні з 2015-м годам.

Справа бізнесоўца Аляксандра Кныровіча

Апошняя гучная справа, якая ўскалыхнула беларускі бізнес – затрыманне Аляксандра Кныровіча.

Яго разам з некалькімі калегамі затрымалі па падазрэнні ў дачы хабару чыноўніку. 9 лютага яму выставілі абвінавачванне: ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

27 студзеня Лукашэнка пракаментаваў затрыманне бізнесоўца Аляксандра Кныровіча. Ён сказаў, што «злодзей павінен сядзець у турме».

Адметна, што Аляксандр Кныровіч ацаніў кошт рэзідэнцыі ў Шаршунах, у якой, паводле мясцовых жыхароў, адпачывае кіраўнік дзяржавы.

Эксперты бачаць у затрыманні Кныровіча палітычны складнік.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары