Лукашэнка – Бердымухамедаву: Мы паціху пачынаем пераймаць усё лепшае ў вас


Беларусь гатовая абмеркаваць з Туркменістанам шырокі спектр пытанняў узаемавыгаднай супрацы «ва ўмовах няпростай сітуацыі ў свеце», заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 траўня падчас сустрэчы з туркменскім прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым.

Лукашэнка падкрэсліў, што рады ў чарговы раз вітаць Бердымухамедава ў Беларусі, і «з задавальненнем» адзначыў, што заўсёды рады бываць на туркменскай зямлі.

«Мяне заўсёды ўражвае навізна ў Ашгабадзе, і мы паціху пачынаем пераймаць усё лепшае ў вас. У той жа час мы гатовыя і дзелімся з вамі сваім перадавым вопытам», – сказаў Лукашэнка.

Бердымухамедаў адзначыў, што Беларусь і Туркменістан маюць падобныя пазіцыі на міжнароднай арэне, у прыватнасці «ў пытанні неабходнасці забеспячэння стабільнасці і бяспекі ва ўсім свеце».

Туркменскі лідар падзякаваў Лукашэнку за ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця» ў Туркменістане ў снежні 2015 года і «высока ацаніў яго выступленне на гэтым форуме».

Бердымухамедаў запрасіў беларускага калегу ўзяць удзел у міжнародным форуме па пытаннях развіцця транзітных транспартных калідораў, які пройдзе ў Туркменістане ў гэтым годзе.

Бердымухамедаў прыбыў у Беларусь з двухдзённым візітам 11 траўня. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага прэзідэнта, па выніках перамоў Лукашэнка і Бердымухамедаў падпішуць сумесную заяву, накіраваную на «далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскай супрацы».

Чакаецца, што прэзідэнт Туркменістану пасадзіць дрэва на Алеі ганаровых гасцей каля Палацу Незалежнасці і разам са сваім беларускім калегам возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістану ў Менску.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў