Лукашэнка: беларуска-расейская мяжа набыла статус «самай дзіўнай мяжы ў Еўропе»


Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі з расейскім бокам у пагранічнай сферы.

Паводле яго, дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насцярожанасць Масквы.

«З лютага 2016 года беларуска-расейская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, «самай дзіўнай мяжы ў Еўропе». З гэтага часу расейскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асобаў, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым – на авія- і чыгуначным», – падкрэсліў Лукашэнка на нарадзе па пытанню лібералізацыі візавага рэжыму.

Паводле Лукашэнкі, «гэта не нармальна, калі паміж двума братэрскімі дзяржавамі і народамі зноў аднаўляецца мяжа, якую мы з такой цяжкасцю здымалі больш за 20 гадоў таму».

Лукашэнка нагадаў, што расейскі бок спасылаецца нібыта на меркаванні бяспекі. «Але аб якой бяспекі можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя спісы замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут робіцца, і таму ўводзіцца мяжа, не маюць падставаў», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў