Лукашэнка: Мы супраць размяшчэння расейскай вайсковай базы ў Беларусі


Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў.

«Вам як экспертам не толькі ў сферы вонкавай палітыкі, але і ў вайскова-палітычных пытаннях не трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Усходам. Наша краіна катэгарычна не зацікаўленая ў канфліктах – ані ў гарачых, ані ў замарожаных. Ані ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка і эксперты з ЗША. Фота belta.by

Ён дадаў, што вайсковая дактрына Беларусі мае выключна абарончы характар і Беларусь ніколі не будзе пагражаць суседзям.

Таксама ён адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў вайсковым саюзе з Расеяй, «у якой адносіны з Захадам цяпер не самыя лепшыя».

«Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх базаў іншых дзяржаваў… Надуманая праблема. Мы ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе тут база ваенная, не будзе – розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбная…

Таму на сённяшні дзень я нават не бачу нейкай неабходнасці ў прыцягненні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расеі, для выканання нашых функцый. Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш базы вайскова-паветраных сілаў…».

Па правую і левую рукі кіраўніка краіны — Макей і Раўкоў. Фота belta.by

Прадстаўнікі аналітычных цэнтраў ЗША 5-6 лістапада наведваюць Беларусь. Праграма візіту ўключае сустрэчу аналітыкаў у Міністэрстве абароны, а таксама наведванне Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, Парк Высокіх Тэхналогіяў, Беларускага дзяржаўнага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Раней выказваліся меркаванні, што Лукашэнку не патрэбная расейская база, бо яна ператворыць яго ў губернатара Беларусі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў