Лукашэнка баіцца правакацыяў ад апазіцыі ў Дзень Перамогі


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў спынення магчымых правакацыяў падчас святкавання 70-годдзя Перамогі.

Пра гэта ён заявіў 5 сакавіка на сустрэчы з кіроўным складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў МУС і курсантамі факультэту ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі, падае агенцтва БелаПАН.

«Вы штодзённа вырашаеце важныя адказныя задачы, а служба з’яўляецца сапраўды баявой, таму трэба годна выконваць свае абавязкі і падтрымліваць гонар мундзіра», – цытуе лідара Беларусі ягоная прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што сёлета ва ўсіх праваахоўных органах будзе сурёзны іспыт.

«Мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі. Гэта найважнейшае свята для кожнага беларуса. Але, на жаль, ёсць у нашай краіне невялікая кучка людзей, хтосьці іх называе «апазіцыяй», ці яны так сябе называюць, якія не толькі скажаюць гісторыю, узвышаючы фашысцкіх памагатых крывавых спраў, але і ўсімі сіламі спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадстве. Агрэсіўныя формы палітычнай барацьбы яны дэманструюць і падчас рознага роду палітычных кампаніяў», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Таму, паводле яго слоў, «існуе пэўная верагоднасць правакацыйных дзеянняў, якія мусяць быць у адпаведнасці з заканадаўствам спыненыя на пачатковай стадыі».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў