Лукашэнка адзначыў «добры ўзровень» супрацы са «Сбербанкам»


Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы са старшынём праўлення «Сбербанку» Германам Грэфам.

«Што да нашай сустрэчы, я рады, што нам даводзіцца рэгулярна сустракацца. Вы мяне трымаеце ў курсе справы ўсіх пытанняў, не толькі Сбербанка і філіяла вашага, але і банкаўскай справы ў цэлым, бо даводзіцца трохі глыбей вывучаць некаторыя матэрыялы. Чарговы раз я вам удзячны за інвеставанне ў Беларусь, крэдытаванне нашай эканомікі – $4 млрд гэта прыстойныя аб’ёмы», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць усе пытанні па далейшым развіцці супрацы, у тым ліку праблемныя.

«А ўвогуле вось на фоне таго, што адбываецца ў суседніх нават нашых краінах, я задаволены тым, што ў нас са Сбербанкам добрыя адносіны. Праблемы заўсёды былі і будуць, але няма крытычных момантаў, якія маглі б ускладніць нашы адносіны», – дадаў ён.

Нагадаем, беларуская дзяржава ўжо працяглы час спрабуе набыць украінскую філію «Сбербанку». Вясною на гэта прэтэндаваў «Парытэтбанк», які да нядаўняга часу належаў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. У сакавіку паведамлялася, што «Парытэтбанк» нават застаўся адзінай кандыдатурай, але здзелка сарвалася – Нацбанк Украіны адмовіў беларусам нібыта ў сувязі з неадпаведнасцю заяўніка патрабаванням украінскага заканадаўства. Пры гэтым не ўдакладнялася, у чым канкрэтна неадпаведнасць.

Паводле выдання «Коммерсант», перашкодай магла стаць фігура Віктара Шэймана – менавіта ён з 2013 года ўзначальвае Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Шэйман дагэтуль застаецца пад еўрапейскімі санкцыямі ў сувязі з падазрэннем у дачыненні да забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Напрыканцы траўня 2018-га ў «Парытэтбанку» змяніўся ўласнік – 99,83% акцыяў перайшлі да Дзяржаўнага камітэту па маёмасці. Імаверна, гэта было зроблена, каб фармальна вывесці банк з-пад кантролю ведамства Шэймана і працягнуць перамовы па набыцці ўкраінскай філіі «Сбербанку».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў