Лукашэнка адправіў у адстаўку камандзіра вайсковай часткі ў Печах

Wideo

Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі

Начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў гвардыі палкоўнік Канстанцін Чарнецкі адпраўлены ў адстаўку. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

У прэс-службе прэзідэнта адзначаюць, што падчас расследавання крымінальнай справы па факце смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча былі ўсталяваныя выпадкі парушэння статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі навучальнага цэнтру.

«Гэта стала магчымым у выніку адыходу і безадказнага стаўлення шэрага службовых асобаў цэнтру да выканання сваіх службовых абавязкаў, а таксама адсутнасці кантролю за падтрыманнем воінскай дысцыпліны і правапарадку ў падпарадкаваным злучэнні з боку яго начальніка палкоўніка Канстанціна Чарнецкага», – падкрэсліваецца ў тлумачэнні рашэння Лукашэнкі.

Раней у выніку кадравых чыстак у 72 АНЦ у Пячах з шэрагаў Узброеных Сіл былі звольнены начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў, начальнік штаба – першы намеснік начальніка школы, камандзір вучэбнай роты, старшына медыцынскай і старшына вучэбнай роты. Сярод адхіленых ад выканання службовых абавязкаў – начальнік штаба – першы намеснік начальніка 72 АНЦ і начальнік медыцынскай службы цэнтру.

Скрыншот з сайту Мінабароны – кіраўніцтва вайсковай часткі ў Пячах. Пасля пачатку звальненняў старонка не абнаўлялася.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных па справе Коржыча – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары