Лукашэнка адкажа на каментары з інтэрнэту. Прэс-служба іх ужо збірае


90 % інтэрнэт-водгукаў пра рашэнні кіраўніка Беларусі – пазітыўныя. Пра гэта заявіў уласна Алскясандр Лукашэнка падчас нарады ў Менску.

«Гэта сведчыць аб тым, што людзі, падтрымліваючы Прэзідэнта, намякаюць на тое, што нам трэба дысцыплінку падымаць у нашых шэрагах. І гэта будзе зроблена неадкладна», – запэўніў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў адказаць на «асобныя там у інтэрнэце заявы ды іншае».

«Я іх чую, я іх бачу, і я паспрабую ў бліжэйшы час на іх адрэагаваць», – паабяцаў Лукашэнка.

Ён ужо даручыў сваёй прэс-службе і Адміністрацыі прэзідэнта сабраць і абагульніць меркаванні карыстальнікаў інтэрнэту.

«Каб я мог адказаць людзям, якія спрабуюць кінуць камень у агарод тых рашэнняў, якія я прымаю», – патлумачыў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі таксама звярнуў увагу, што ягоны нядаўні «разнос ураду» людзі няправільна зразумелі.

«Вось, усё правільна робіць Прэзідэнт: трэба гэтых чыноўнікаў ледзь не вешаць, раздзіраць і разрываць. Гэта няправільнае разуменне людзьмі маіх дзеянняў. – Цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. – Людзям трэба паглядзець і на сябе», – заявіў кіраўнік краіны.

Апошні раз на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў Лукашэнка адказваў сёлета, 10 красавіка. Тады кіраўнік Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўнай прэсы. Сустрэчу не паказвалі ў жывым эфіры, а пытанні ад інтэрнэт карыстальнікаў дасылаліся на паштовую скрыню «Белтэлерадыёкампаніі».

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by, president.gov.by

Стужка навінаў