Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў датычнасці да канфлікту ва Украіне


«Амерыканцы хочуць нашымі рукамі перабіць нашых людзей», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі. Пра гэта ён заявіў у праграме «Вести в субботу» на тэлеканале «Россия 1», паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

«Трэба мець на ўвазе, і гэта галоўнае, што створаная велізарная варонка, і там пайшлі віхравыя патокі, якія ў гэтую варонку ўцягваюць Расею і нас. У чыіх гэта інтарэсах? Вам тлумачыць не трэба. І ўжо не ў інтарэсах еўрапейцаў, – адзначыў Лукашэнка. – Гэта «дзядзька Сэм» з-за акіяну пастаянна падштурхоўвае нас да гэтай бойні… І, давайце адкрыта, ва Украіне шмат палітыкаў, якія выразна выконваюць гэтую замову».

«Нам трэба адысці ад гэтай варонкі. Бо амерыканцы там ваяваць не будуць супраць нас і Расеі (так, найміты пойдуць і гэтак далей і таму падобнае), яны хочуць нашымі рукамі перабіць нашых людзей. А ва Украіне – там нашыя людзі», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Што да менскай сустрэчы 26 жніўня, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што амерыканская бок ухваліў фармат яе правядзення, але прыняць у ёй удзел не прасіўся.

«Можа быць, ім і не трэба было прыязджаць, бо іхныя інтарэсы ахоўваюць у Еўропе адпаведныя людзі, у тым ліку і Кэтрын Эштан, я думаю, яна не рабіла нічога супраць волі Амерыкі. Вы бачыце, што Еўропа цяпер, як бы яна ні круцілася, але тая ж Мэркель, Алянд і іншыя вымушаныя ісці ў фарватары палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта таксама не сакрэт», – сказаў Лукашэнка.

28 жніўня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прызнаў, што Расея ўвяла ва Украіну рэгулярнае войска. Некаторыя краіны свету назвалі ваенны канфлікт на Данбасе поўнамаштабнаю вайной. Расея дагэтуль не прызнала, што яе войскі ваююць ва Украіне.

МЯ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў