Лукашэнка: А раптам складзецца сітуацыя, што трэба хутка пакласці народу новую Канстытуцыю – галасуйце


Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з суддзямі Канстытуцыйнага суда, даручыў ім рыхтаваць напрацоўкі па змяненні Канстытуцыі Беларусі.

«А раптам жыццё перад намі паставіць пытанне, можа быць, не рубам, але складзецца сітуацыя, што трэба хутка, на працягу года, выдаць на-гара новую Канстытуцыю, пакласці народу на стол – галасуйце (я прыхільнік толькі ўсенароднага рэферэндуму), а ў нас напрацовак не будзе», – выказаў меркаванне ён.

Лукашэнка лічыць, што ўжо цяпер трэба займацца аналізам і распрацоўкай магчымых прапановаў.

«Групкі гэтыя вылучыце і прапануйце, можа быць, нават і варыянт нейкі Канстытуцыі. Тады мы сядзем, трэба – створым канстытуцыйную камісію, каб гэта было прыгожа, з усіх слаёў падцягнем людзей, абмяркуем гэтыя варыянты пасля таго, як прапрацуем. І гэта сапраўды будзе найвялікшы ўклад Канстытуцыйнага суда ў распрацоўку новай Канстытуцыі ці яе змяненняў. Усё роўна да гэтага прыйдзем», – рэзюмаваў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што шматпартыйнасць у Беларусі павінна быць замацаваная ў Канстытуцыі, а ў сённяшніх умовах ён супраць стварэння партыі ўлады кшталту «Белай Русі».

«Нам трэба пачынаць з Канстытуцыі і там прапісваць жорстка гэтую шматпартыйную сістэму, якая роля партыяў. Бо мы ў грамадстве, парадзім гэтую бойку. Таму трэба вельмі акуратна», – дадаў ён.

Нагадаем, Лукашэнка ўжо двойчы ўносіў змены ў беларускую Канстытуцыю – ў 1996 і 2004 годзе. Гэтыя змены істотна пашырылі паўнамоцтва прэзідэнта, а таксама скасавалі абмежавання па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Пра магчымасць новай змены Канстытуцыі Лукашэнка ўпершыню заявіў восенню 2016 года. Сёлета ў студзені намер кіраўніка дзяржавы змяніць Канстытуцыю пацвердзіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў