«Лукашэнка 20 гадоў баяўся «пятай калоны», а яна атачыла Дразды і дазваляе яму рабіць выгляд, што ён кіруе краінаю»


Былы камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Уладзімір Барадач лічыць, што Беларусь непрывабная для ісламістаў, але папярэджвае, што «у чужы манастыр са сваім статутам не лезуць», і, у адваротным выпадку, абавязкова паўстане супрацьстаянне двух рэлігіяў. Пра тэрарыстычныя пагрозы, штат сілавікоў і «пятую калону» чытайце ў эксклюзіўным інтэрвю belsat.eu.

«Усе мусульмане пакінулі бы Беларусь цягам адной ночы, а тыя, што засталіся, селі бы на лаву падсудных»

– Цяпер усё толькі і кажуць, што пра тэракты – ці Вам, праз некалькі гадоў, стала больш зразумела, што адбылося ў менскім метро ў 2011 годзе?

– З тэрактам у метро ўсё зразумела. Вінаватыя ў гэтым злачынстве людзі знаходзяцца на волі. У прамым эфіры, у прысутнасці любых адмыслоўцаў лёгка даказаць, што Канавалаў, тым больш Кавалёў, мелі непасрэднае дачыненне да тэракту. Самай абцяжарваючай акалічнасцю для Канавалава было тое, што яго выкарыстоўвалі «у цёмную». Застаецца адкрытым пытанне, хто гэта зрабіў – расейскія ці беларускія прадстаўнікі спецслужбаў. Не на карысць беларускіх спецслужбаў кажа паспешлівае расследаванне і расстрэл сведкаў. Не на карысць расейскіх спецслужбаў кажа прэсінг на Лукашэнку напярэдадні выбараў ды смерць чальца выбарчай кампаніі Саннікава журналіста Бябеніна, якая ніякім бокам не была патрэбная Лукашэнку. Сувязі жа каманды Саннікава і ягоных людзей з Масквою відавочныя.

– Ці, на вашую думку, ёсць заслуга беларускіх спецслужбаў у тым, што ў нас на сённяшні дзень няма ісламісцкіх тэрактаў?

– Беларусь не з’яўляецца ані субектам, ані аб’ектам геапалітычных гульняў. Акрамя таго, краіна з малым дастаткам не прываблівае ісламістаў для свайго месцазнаходжання. Акрамя таго, адсутнасць патэнцыйнай пагрозы тэрарызму з’яўляецца не заслугаю спецслужбаў, а воляй прэзідэнта гэтай краіны. Я не сумняюся, што пасля правядзення ісламістамі тэракту ў Беларусі, усе мусульмане пакінулі бы Беларусь цягам адной ночы, а тыя, што засталіся, селі бы на лаву падсудных.

Свабода тых, хто прыйшоў у чужую краіну са сваёй рэлігіяй прыцісняе правы карэннага насельніцтва. Бо ў краінах з выразнай палітыкаю ў гэтым пытанні няма праблемаў. Напрыклад, у Аўстраліі ці Швейцарыі.

Палітыкі ў тых краінах, дзе цяпер гучаць выбухі, мусяць раздзяліць з тэрарыстамі адказнасць за гібель сваіх невінаватых грамадзянаў. Іх спробы не звязваць тэракты з іхнай міграцыйнай палітыкаю наіўныя. Тэрарызм – гэта адзіная зброя і магчымасць ісламістаў у барацьбе з нявернымі.

Гэта асноўны спосаб іх вайны з цывілізаваным светам. У іх няма самалётаў, караблёў, танкаў. З імі толькі вера ды Алах. Яны кіруюць патокамі бежанцаў у Еўропу, пасылаючы сваіх прыхільнікаў, рыхтуюць там базы, вядуць прапаганду. Тэрарызм у Еўропе – перш за ўсё вынік правальнай палітыкі еўрапейскіх чыноўнікаў. Гэта толькі першы гучны званочак.

– На баку Ісламскае дзяржавы ваююць найміты з усяго свету, не выключана, што і з Беларусі. На вашую думку, ці ёсць сэнс надаваць увагу небяспецы іхнага магчымага вяртання?

– Іслам – гэта самая моцная рэлігія на нашай планеце. Мала хто з ісламістаў прымае іншую веру ў адрозненне ад хрысціянаў. На чале мячэці не могуць стаяць ані няверуючыя святары, ані чэкісты, што паўсюль сустракаецца ў нас. Моладзь звяртаецца ў іншую веру, таму што бачыць, што папы самі не вераць у бога, што для іх важнейшыя заводзікі па вытворчасці свечак, бізнес пры царкве. Такіх людзей дастаткова па ўсім свеце. Ёсць салідарнасць нават сярод батанікаў, тут жа яна больш трывалая, бо заснаваная на святой веры. Тыя, хто не знайшоў сябе ў жыцці, часцяком вырашае сысці ў вечнасць. Самі па сабе гэтыя людзі не ўяўляюць небяспекі, калі яны ўсё жывуць удома, сярод такіх жа вернікаў, як яны самі. У адваротным выпадку глеба для канфліктаў у іншым грамадстве ў іх дастатковая. Самым важным у барацьбе супраць ісламскага тэрарызму – зрабіць гэтую барацьбу праблемай не еўрапейцаў, а саміх мусульманаў. У адваротным выпадку гэта гульня ў паддаўкі.

«Лукашэнка цягам 20 гадоў баяўся «пятай калоны», а яна атачыла Дразды»

– Некаторыя беларусы баяцца, што тэракты ў Парыжы выдаюць сілавікам поўны карт-бланш на забароны, абмежаванні ды прапаганду СМІ – увогуле, на кансервацыю сітуацыі.

– Па-першае, няма чаго абмяжоўваць, у тым ліку СМІ. Па свайму менталітэту беларусы не з’яўляюцца крыніцаю тэрарызму і самой небяспекай для нашага грамадства. Наадварот, яны маюць патрэбу ў абароне, бо ня з’яўляюцца гаспадарамі сваёй краіны. Дзе вы бачылі краіну, у якой збіраюцца нацыяналісты тыпу Старыкава і выкідаюць з залы саміх беларусаў? Так што тэрор нам пагражае не знутры, а звонку. Лукашэнка цягам 20 гадоў баяўся «пятай калоны», а яна ўжо атачыла Дразды і дазваляе яму рабіць выгляд, нібыта ён кіруе краінай.

– Ці, на вашую думку, будуць скарачэнні штата сілавікоў (Лукашэнка нядаўна казаў, што «мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасць сілавікоў»), і як гэта можа адгукнуцца?

– Такая краіна як Беларусь не можа і не павінна ўтрымліваць непасільны для бюджэту сілавы апарат, які ў любым выпадку не ўратуе краіну – яе ўратуе ўмераная палітыка ды здаровы сэнс. Апарат прыйдзецца скарачаць па эканамічных чынніках. Галодны салдат ды афіцэр больш небяспечныя за селяніна, які заблукаў у градках.

– Ці ёсць у Беларусі супрацьстаянні сілавых ведамстваў?

– Супрацьстаяння няма, ёсць суперніцтва, канкурэнцыя, барацьба за сферы ўплыву.

– У якім стане беларускія сілавыя структуры сёння?

– Яны ў стане трымаць пад кантролем існуючую сітуацыю ў краіне, кантраляваць усе грамадскія працэсы і накіроўваць грамадскія і палітычныя сілы ў патрэбным для ўлады накірунку. Іхныя магчымасці ў вырашэнні вонкавых задач абмяркоўваць смешна, як і пытанне, напрыклад, эканамічнага спаборніцтвы ЗША і Расеі, не кажучы ўжо пра Беларусь.

«На плошчу выходзяць адзін раз»

– Пракаментуйце, калі ласка, сітуацыю з «сурвэтніцаю Лябедзька» і групай, якая праслухоўвала дзьве тысячы асобаў цягам доўгага часу – людзі цікавяцца, як у краіне, дзе «усё пад кантролем», такое магчыма, калі гэтым займаюцца не самі сілавікі?

– Навошта спецслужбам праслухоўваць размову двух палітыкаў, двое з якіх на іх працуюць? Тэхнічна, мяркуючы па абсталяванні, дэталі якога паходзяць з крамы «Зрабі сам», гэтыя свавольства паходзяць ад іхных канкурэнтаў тыпу Дзмітрыеў-Караткевіч. Каб хтосьці з гэтай тройцы ўяўляў сабою небяспеку, або цікавасць для сілавікоў, праслухоўвалі бы нават іхнае дыханне.

– Вы шмат кажаце пра здраднікаў і агентах КДБ у шэрагах апазіцыі, а як усім нам засцерагчыся ад рэпрэсіяў, праслухоўванняў, як адгарадзіцца ад агентаў? Ці ёсць нейкія правілы?

– Прынцып працы спецслужбаў такі: «Каб нейтралізаваць апазіцыю, яе трэба ўзначаліць». Будзьце спакойныя, яна ўжо даўно працуе на ўладу, выяўляе і спальвае на корані патрыётаў Беларусі. Старанна выбірайце сяброў, кампаньёнаў, не хадзіце са свечкамі да КДБ і МУС, не верце папам Гапонам, беражыце сябе. Не хадзіце на мерапрыемствы дзеля атрымання грантаў арганізатарамі правакацыяў. Прыйдзе час, і вы самі зразумееце, калі трэба падтрымаць сурёзную групу людзей. На плошчу выходзяць адзін раз.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў