Лоеў – унікальны райцэнтр Беларусі: толькі там няма транспартнага злучэння з Менскам


Раённы цэнтр Лоеў з 7 тысячамі жыхароў застаўся без наўпроставай сувязі з Менскам. Горад, які ляжыць на паўднёва-ўсходнім краі Беларусі, пазбавілі беспасярэдняга аўтобуса да сталіцы. Гэтак пастанавіла Міністэрства транспарту і камунікацыяў. Цяпер Лоеў – адзіны ў краіне райцэнтр, які не мае наўпроставых злучэнняў з Менскам. Мясцовыя жыхары змагаюцца за аднаўленне маршруту.

Беспасярэдні аўтобус з Лоева да сталіцы хадзіў з 1976-га года. Цяпер жыхары райцэнтру вымушаныя дабірацца да сталіцы з перасадкамі – праз Рэчыцу або Гомель. Людзі мяркуюць, што такім чынам парушаецца іхнае права на свабоду перамяшчэння па краіне.

«Гэты маршрут, безумоўна, вельмі патрэбны. Мы ўвесь час перадавалі дзецям у Менск перадачы, яны маглі да нас у любы дзень прыехаць», – адзначыла жыхарка Лоева Людміла Пікас.

Жыхары Лоева ўпэўненыя, што маюць права даехаць наўпрост са свайго роднага кута ў іншыя мясціны і наадварот – адкуль-кольвек да Лоева.

«Я пенсіянерка, шмат падарожнічаю. Прылятаю ў Менск на самалёце, а білета да Лоева няма. А я з валізкай. І куды дзецца? Дый я не адна такая: пенсіянеры цяпер свабодныя і могуць падарожнічаць. А нас цяпер проста пакінулі за бортам», – падкрэсліла жыхарка Лоева Таццяна Зак.

На думку жыхароў Лоева, аўтобуса іх пазбавіў дырэктар Рэчыцкага аўтапарку Сяргей Янковіч. Пра гэта грамадзяне паскардзіліся Лукашэнку.

Дырэктар Рэчыцкага аўтапарку Сяргей Янковіч абгрунтоўвае скасаванне беспасярэдняга маршруту з Лоева да Менску эканамічнаю мэтазгоднасцю.

«Сёння страты ад маршруту Лоеў-Менск складаюць 360 млн недэнамінаваных руб. Да чаго мы дойдзем, калі далей будзем ездзіць гэтым маршрутам?» – сказаў дырэктар Рэчыцкага аўтапарку Сяргей Янковіч.

Пасажыры з Лоева разумеюць эканамічныя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся аўтапарк, але ўпэўненыя: дзяржава абавязаная забяспечыць іх аўтобусам.

«Вядома, Лоеўскі – складаны раён, але калі гэта раён, то раённы цэнтр, паводле стандарту, павінен мець сувязь з вобласцю і цэнтрам краіны, павінен быць мэтавы аўтобус», – мяркуе жыхар Лоева Барыс Кацман.

Попыт на аўтобус з Лоева ў сталіцу быў і ёсць – і не толькі ў жыхароў райцэнтру.

«Аўтобус Лоеў-Менск быў вельмі запатрабаваны. Мы ў яго садзілі не толькі тых, хто дабіраўся з райцэнтра ў сталіцу, але і падбіралі людзей у вёсках», – заўважыў былы кіроўца маршруту Лоеў-Менск Іван Панятоўскі.

Жыхары гораду просяць улады даць ільготныя магчымасці вазіць пасажыраў у Менск хаця б прыватным перавознікам.

«Ёсць сацыяльны стандарт, якога дзяржава абавязана пільнавацца. Але гэтыя нормы не выконваюцца. Дзяржава мусіла б у такім разе даваць датацыі прыватным кампаніям, каб яны забяспечвалі перавозку пасажыраў. Але перавозак няма!», – падкрэсліў уласнік транспартавай кампаніі са Светлагорску Юрый Ляшэнка.

Пакуль жа плануюць аднавіць маршрут з Лоева ў Менск – але як часовы, на тры месяцы – у пятніцы, нядзелі і панядзелкі.

Пасля вывучэння попыту на рэйс улады канчаткова вызначаць лёс шляху з паўднёва-ўсходняй ускраіны Беларусі да сталіцы.

Максім Кот, «Белсат»

Стужка навінаў