«ЛНР» прадае вугаль у Польшчу


Польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna паведамляе, што ў Польшчу праз Расею па падробленых сертыфікатах трапляе антрацыт з падкантрольных «ЛНР» тэрыторыяў Данбасу. Прыбытак пры гэтым ідзе ў кішэнь кіраўніку баевікоў Ігару Платніцкаму.

Экспартуе вугаль у Польшчу фірма Doncoaltrade, зарэгістраваная ў горадзе Катовіцэ ў 2012 годзе. Яе старшынёй і асноўным акцыянерам значыцца Аляксандр Мельнічук – былы намеснік міністра энергетыкі і вугальнай прамысловасці луганскіх сепаратыстаў, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Расейскі бок афармляе вугаль як імпарт з Украіны, аднак Кіеў лічыць гэта кантрабандай.

Міністр энергетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі пацвердзіў факты, выкладзеныя ў СМІ, але запэўніў, што польскае кіраўніцтва прыме ўсе меры, каб незаконныя пастаўкі спыніліся.

Такія абяцанні польскі міністр даў міністру энергетыкі Украіны Ігару Насаліку.

«Падчас сустрэчы з міністрам Польшчы мы гаварылі на гэтую тэму і ён паабяцаў, што будзе праведзена поўная праверка, пасля якой пастаўкі вугалю будуць забаронены. Мне ўдалося сустрэцца з журналістам, якія апублікавалі першую частку расследавання, звязаных з пастаўкай антрацыту з Данбасу не толькі ў Польшчу, але і ў іншыя еўрапейскія краіны. Таму, цяпер наша асноўная задача – максімальна заблакаваць гэты працэс. Мы афіцыйна даказалі, што лічым закупы антрацыту з Усходу прамым фінансаваннем тэрарызму і нашы аргументы былі пачутыя», – распавёў Насалік, паведамляе тэлеканал 112 Украіна.

Глядзіце таксама:

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў