Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды магчымага інцыдэнту на АЭС у Астраўцы


Міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус. Фота ru.delfi.lt

Літва ўручыла 8-га чэрвеня Беларусі ноту з нагоды магчымага інцыдэнту на Астравецкай АЭС, якая будуецца недалёка ад Вільні. У траўні Belsat.eu здабыў інфармацыю пра іншы інцыдэнт на будаўніцтве АЭС.

Пра гэта паведаміў агенцтву «BNS» міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Мы запатрабавалі даць інфармацыю пра інцыдэнт, які, магчыма, меў месца, і яшчэ раз падкрэслілі, што ў гэтым працэсе нам не хапае празрыстасці. Гэта ўжо другі раз – мы не ведаем, можа, яго (інцыдэнту) не было, але мы хочам інфармацыі», – сказаў Лінкявічус.

Прэмʼер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус 8 чэрвеня заявіў, што не мае інфармацыі пра інцыдэнт на Астравецкай АЭС.

«Пакуль у мяне няма інфармацыі. Я размаўляў з міністрам энергетыкі – наколькі мне вядома, ён таксама стараецца атрымаць інфармацыю, ці не чуткі гэта, і заўтра ў мяне будзе сустрэча з Дэпартаментам дзяржбяспекі», – сказаў Буткявічус журналістам пасля пасяджэння Кабінету міністраў Літвы.

Літоўскае Міністэрства замежных справаў выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве Людмілу Татарыновіч, якой была ўручаная нота. Па словах Лінкявічуса, падчас сустрэчы яна запэўнівала, што ніякага інцыдэнту не было.

«У нас ёсць падставы сумнявацца ў дакладнасці гэтай інфармацыі, таму што да гэтага часу былі адмаўленні. Часовы павераны ў справах на сустрэчы таксама адмаўляла, што мела месца нейкая падзея, але мы спадзяемся, што будзе прадстаўленая інфармацыя ў пісьмовым выглядзе пасля таго, як усё яшчэ раз будзе з усёй адказнасцю ўзважана, і пакуль у нас не знікнуць падставы для сумневаў, мы будзем патрабаваць інфармацыі», – заявіў міністр.

Дырэкцыя Беларускай атамнай станцыі зняпраўджвае інфармацыю пра інцыдэнт на будаўнічай пляцоўцы АЭС, якую напярэдадні распаўсюдзілі літоўскія медыі са спасылкай на прэс-сакратара Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы Вітаўтаса Макаўскаса.

7-га чэрвеня зʼявіліся паведамленні пра тое, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы правярае інфармацыю пра інцыдэнт, які нібыта адбыўся на мінулым тыдні на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС.

У траўні старонцы Belsat.eu стала вядома пра іншы інцыдэнт – абрушэнне ў сярэдзіне красавіка стоек будынку ядравага абслугоўвання электрастанцыі. Тады таксама Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт».

МЯ, паводле ru.delfi.lt

Глядзі таксама
Каментары