Літва супраць расейскай прапаганды. За распальванне варажнечы ў краіне забаранілі расейскія тэлеканалы


У суседняй Літве набыла моц забарона на трансляцыю тэлеканалу «РТР-планета». Прынамсі на тры месяцы. Паводле Літоўскай камісіі радыё і тэлебачання, «РТР-планета» распальвала варожасць і заклікала да вайны.Раней падобнае рашэнне прымалася да «1-га балтыйскага», каналу «НТВ-Мір Літва», а таксама часткова да «Ren-TV Baltic». Пра гэтае рашэнне распавядае старшыня каміссіі Радыё і ТВ Літвы Эдмундас Вайцякунас,

За што «РТР-планета» выключылі з вяшчання ў Літве?

Эдмундас Вайцякунас:

«Найперш хачу адзначыць, што ўсе нашыя рашэнні мы прымаем у вельмі жорсткіх межах закону. Не паводле пэўных палітычных меркаванняў ці матываў, а толькі на падставе законаў Літвы і еўрапейскіх дырэктываў. Мэта – абараніць эфір ад распаўсюду забароненай законам інфармацыі. Што гэта за інфармацыя? На маю думку, у любой краіне нельга трансляваць усё, што ўздумаецца. Напрыклад, у нашым законе напісана, што забароненыя заклікі да змены канстытуцыйнага ладу. Не сумняваюся, што і ў вашай краіне існуе такі артыкул. Нельга ставіць пад сумнеў дзяржаўны суверэнітэт, адзінства, незалежнасць».

«У гэтым выпадку мы мяркуем, што ў асобных праграмах быў парушаны трэці пункт. І экспертная камісія пастанавіла, што было распальванне варажнечы, нецярпімасць, заклік расправіцца з суполкаю людзей і да таго падобнае. На гэтай падставе мы мяркуем, што быў парушаны закон Літвы, распаўсюджвалася забароненая інфармацыя. І былі прынятыя пэўныя санкцыі. Мы сапраўды жадалі пагутарыць з кіраўніцтвам і прадстаўнікамі тых каналаў. Мы сустракаліся тут у Вільні, здаецца, у студзені. Мы абмяняліся меркаваннямі. Застаецца шкадаваць, але мы гэтак і не зразумелі адзін аднаго. Паколькі парушэнні закону працягваліся, было прынЯтае такое рашэнне».

Наколькі вядома, такія парушэнні павінны быць зафіксаваны некалькі разоў.

Эдмундас Вайцякунас:

«Калі ўпершыню зафіксавалі парушэнні (гэта было амаль год таму), мы на тры месяцы абмежавалі толькі асобныя праграмы, якіх нельга рэтрансляваць. Трэба памятаць, што гаворка ідзе не пра расейскі канал, а пра расейскамоўны канал, зарэгістраваны ў краінах Еўропы. Былі адзначаныя парушэнні другі раз за год. У дырэктывах Еўразвязу сказана, што пра рэгулярныя парушэнні трэба інфармаваць Еўракамісію, адпаведныя ўстановы, як нашая, у гэтых краінах. Цягам 15-ці дзён мы мусім дамовіцца. Мы накіроўвалі звароты, але ніводзін з каналаў нам не адказаў ні пісьмова, ні па тэлефоне».

Тры месяцы міне, а што далей?

Эдмундас Вайцякунас:

«Мяркую, што гэта разумны тэрмін, каб паразважаць тым, да каго ўжытая санкцыя. Магчыма, за гэты час будуць зробленыя пэўныя высновы. Калі ж праграмы вернуцца ў трансляцыю ў тым жа выглядзе, будзем разглядаць наноў».

Ці разглядаеце вы падобныя рашэнні ў стасунку да іншых тэлеканалаў, якія могуць займацца ў Літве прапагандай?

Эдмундас Вайцякунас:

«Мы сапраўды зафіксавалі шэраг парушэнняў і ў кантэнце іншых каналаў. Адбываецца аналіз, рыхтуюцца высновы, таму пакуль пра гэта гаварыць рана».

Магчыма, што вы ўключыце ў сетку вяшчання незалежны тэлеканал «Дождж» альбо для беларускай меншасці «Белсат»?

Эдмундас Вайцякунас:

«Рэч у тым, што гэта залежыць не ад нас. Мы не можам прасоўваць трансляцыю або рэтрансляцыю таго ці іншага каналу. Калі мы не бачым ніякіх парушэнняў, тады няма ніякіх перашкодаў для рэгістрацыі. Урэшце, гэта вырашае рынак – што патрэбна гледачу. Не думаю, што ўладальніку будзе выгадна рэгістраваць канал, калі не будзе зацікаўленасці. Ён жа думае аб прыбытку з рэкламы. Такім чынам, мала проста ўключыць канал і чакаць цудаў. Усё мусіць быць пралічана, трэба падрыхтаваць заяву з фінансавым і часавым планам, каб мы маглі яе разгледзець».

Настасся Яўмен

Стужка навінаў