Літва, Нямеччына і Польшча мадэрнізуюць Нацбанк Беларусі за € 1 150 000


Агата Лагоўска з Нацыянальнага банку Польшчы распавяла, чаму еўрапейскія нацыянальныя банкі навучаць беларускіх банкіраў і беларускіх спажыўцоў.

Нацыянальны Банк Польшчы разам з іншымі цэнтральнымі банкамі Літвы і Нямеччыны распачалі вялікі праект пад назвай «Узмацненне Нацыянальнага банку Беларусі». У чым ягоны сэнс?

Сапраўды ад студзеня Нацбанк Польшчы разам з банкамі Літвы і Нямеччыны пачаў рэалізацыю праекту па ўзмацненні пэўных галінаў дзейнасці Нацыянальнага банку Беларусі. Гэта 6 галоўных галінаў дзейснасці кожнага цэнтральнага банку – плацежная сістэма, фінансавая стабільнасць, фінансавы нагляд, ахова правоў спажыўцоў і фінансавых паслугаў, камунікацыя і менеджмент фінансавых рызыкаў. У практыцы праект будзе палягаць на тым, што нашыя супрацоўнікамі разам з калегамі з Нямеччыны і Літвы будуць дзяліцца сваім досведам з калегамі з Беларусі.

Чаму менавіта Нацыянальны банк Польшчы прымае ўдзел у гэтым праекце?

Нацыянальны Банк Польшчы ўжо шмат гадоў супрацоўнічае з Нацбанкам Рэспублікі Беларусь, можна сказаць, што мы сябруем і беларускія калегі цэняць наш досвед. Таму мы вырашылі працягваць супрацу, але і пашырыць яе з банкамі іншых краінаў.

Якая ад гэтага карысць для вас?

Нацыянальны банк Польшчы – вельмі актыўны ў галіне тэхнічнай супрацы. Мы лічым, што гэта вельмі прэстыжная місія, а наш досвед варты, каб ім дзяліцца. Мы ведаем, якія патрэбы нашых калегаў з Беларусі, і вырашылі дапамагчы ім практычна. Спадзяемся, што гэта можа спрычыніцца за сістэмных зменаў. Раней Нацыянальны банк Польшчы таксама атрымоўваў падобную дапамогу ў перыяд трансфармацыі, таму мы выдатна разумеем, як гэта важна, і цяпер самыя дзелімся сваім досведам з Беларуссю.

Такі праект – гэта напэўна досыць вялікія грошы. Колькі і хто яго фінансуе, калі не сакрэт?

Канешне не сакрэт, бо гэта публічная інфармацыя, якую падавала Еўрапейская камісія, якая цалкам фінансуе гэты праект. Гэта 1 150 000 еўраў.

Як у практыцы будзе рэалізоўвацца гэты праект? Прынамсі тыя часткі, якія тычацца Нацыянальнага банку Польшчы? Сустрэчы, практыкі – што гэта будзе?

Дакладна так. Нашыя эксперты будуць прыязджаць у Менск і разам з калегамі з Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь будуць сустракацца, ствараць дакументы і канцэпцыі. Так, каб як найлепей дапасаваць дапамогу да чаканняў беларускага боку. Нашыя эксперты будуць працаваць і тут, у Польшчы, праводзячы падрыхтоўку матэрыялаў. Але галоўная праца будзе выконвацца ў Менску.

Што для беларускага боку можа быць такім канчатковым вынікам гэтай працы?

Мы разлічваем на тое, што яны скарыстаюцца нашым досведам. Узмацняць тыя галіны, якія ахоплівае праект. Усе гэтыя галіны вельмі важныя для стабільнасці фінансавай сістэмы. На маю думку, гэты праект можа прынесці карысці і звычайным людзям. Ахова правоў спажыўцоў і фінансавых паслуг ды камунікацыі спадзяюся спрычыняцца да таго, што ў Беларусі паўстануць інстытуты, якія будуць абараняць правы спажыўцоў, а таксама ўзмацніцца празрыстасць Нацыянальнага Банку.

Гэта вельмі цікава – канкрэтныя вынікі для звычайных карыстальнікаў банкаўскай сістэмы беларусаў. Паўстанне нейкіх інстытутаў, пра якія вы казалі, – гэта патрабаванне замежных партнёраў праекту ці беларускі бок казаў пра такую неабходнасць? Што гэта за інстытуты?

На дадзеным этапе рана казаць пра тое, ці гэта чаканні беларускага боку. Першы этап праекту – гэта атрыманне інфармацыі, якая насамрэч дапамога патрэбная. Але і польскі, і нямецкі, і літоўскі бакі будуць рэкамендаваць развязанні, якімі яны карысталіся. Напрыклад, у Польшчы ўжо некаторы час працуе прадстаўнік фінансавых правоў спажыўцоў. Мы будзем паказваць неабходнасць стварэння такіх інстытутаў, распавядаць пра наш досвед абароны правоў спажыўцоў. Аднак ці падобныя інстытуты з’явяцца на Беларусі – гэта будзе рашэнне нашых беларускіх калегаў. Нашае заданне – паказаць ім найлепшыя сусветныя практыкі, якія прыносяць канкрэтныя эфекты.

А як бы вы ацанілі супрацу з беларускім калегамі? Якія яны ў штодзённых кантактах?

Нацыянальны банк Польшчы супрацоўнічае з рознымі цэнтральнымі банкамі. Нашая супраца з калегамі з Беларусі мае вельмі пазітыўны характар. Яны вельмі адкрытыя. Гэта першы комплексны праект дапамогі дзяржаўнаму інстытуту Рэспублікі Беларусь – і гэта таму, што НБРБ прызнаюць вельмі адкрытым праеўрапейскім інстытутам. І менавіта такія нашыя калегі: адкрытыя на новыя веды і стандарты. Нашая двухбаковая супраца была вельмі карыснай – спадзяюся, досвед гэтага праекту будзе вельмі пазітыўны.

Размова Сяргея Пелясы з Агатай Лагоўскай выйшла ў эфіры ў «ПраСвеце» 16 лютага

https://vimeo.com/256193083

Фота вокладкі – Васіль Федосенка/Reuters

Стужка навінаў