Літва ня мае намеру адступаць у сваім змаганні з будучай Астравецкай АЭС

video

Літва ніколі не прыме электрычнасць з Астравецкай АЭС. Такую рэзалюцыю прыняў літоўскі Сейм – цытата – «у сувязі з магчымай небяспекай атамнай электрастанцыі, якая будуецца за 50 км ад Вільні».

Дэпутаты літоўскага парламенту заклікалі ўрад «прыняць усе неабходныя дыпламатычныя, юрыдычныя і тэхнічныя захады», каб будаўніцтва ў Астраўцы спынілася. Да 1-га чэрвеня ўрад мусіць прадставіць план канкрэтных дзеянняў у гэтым кірунку.

ЛІНАС БАЛЬСІС, СТАРШЫНЯ ЛІТОЎСКАЙ ПАРТЫІ ЗЯЛЁНЫХ:
«Гэта палітычны сігнал, які мы хочам даслаць усёй Еўропе і таксама Беларусі, што мы не верым, што гэта можа быць бяспечны праект».

Справа не толькі ў блізкасці рэактараў да Вільні. Літву моцна занепакоіла інфармацыя, апублікаваная на старонцы «Белсату», аб красавіцкім інцыдэнце на будоўлі, калі абвалілася стойка будынку ядравага абслугоўвання электрастанцыі. Паводле будаўніка, што даслаў здымкі, прычына ў няякасным бетоне, і гэта не адзіны такі выпадак.

Беларускі бок спачатку зняпраўджваў гэтую інфармацыю, потым інцыдэнт прызналі, і міністр энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі запрасіў на будаўнічую пляцоўку АЭС літоўскага амбасадара. Той адмовіўся ехаць, бо бяспеку такіх абʼектаў мусяць ацэньваць эксперты, а не дыпламаты.

ГЯДЗІМІНАС КІРКІЛАС, ВІЦЭ-СПІКЕР СЕЙМУ ЛІТВЫ:
«Нашае міністэрства навакольнага асяроддзя, іншыя, міністэрства замежных справаў паднімаюць гэтае пытанне ў Брусэлі, ды ў міжнародных інстытутах, адказных за бяспеку атамных электрастанцыяў».

Сёння ж Сейм звярнуўся да прэзідэнта Літвы, каб яна ўзняла пытанне Астравецкай АЭС на саміце кіраўнікоў краінаў Еўразвязу. У Вільні кажуць, што беларускія ўлады або проста не адказваюць на афіцыйныя запыты аб Астраўцы, або адказваюць так, што літоўцы не ведаюць, плакаць ці смяяцца. Гэтак справаздачу аб уздзеянні новай АЭС на наваколле Менск даслаў у перакладзе «гугл-транслэйту» – аўтаматычнага кампутарнага перакладчыка.

ГЯДЗІМІНАС КІРКІЛАС, ВІЦЭ-СПІКЕР СЕЙМУ ЛІТВЫ:
«Мы хочам, каб беларускія ўлады былі адкрытыя, каб мы ведалі, якая сітуацыя, што мы мусім рабіць у выпадку аварыі, скажам. Бо Вільня знаходзіцца ў зоне эвакуацыі. Гэта мае пэўны ўплыў не толькі на самаадчуванне людзей, але і на магчымы прыход замежных інвестыцыяў».

Літоўцы не толькі пратэстуюць супраць Астравецкай АЭС, але і гатовыя падзяліцца з беларусамі рэцэптам свайго поспеху – тэхналогіямі ды інвестарамі аднаўляльнай энергетыкі.

ЛІНАС БАЛЬСІС, СТАРШЫНЯ ЛІТОЎСКАЙ ПАРТЫІ ЗЯЛЁНЫХ:
«Мы ў Літве хочам пачынаць дыялог, каб падчас гэтага добрасуседскага дыялогу мы б знайшлі для Беларусі іншыя альтэрнатывы, акрамя атамнай станцыі».

Краіны Балтыі не будуць купляць электрычнасць з Астраўца яшчэ і таму, што адключаюцца ад савецкай электрасеткі БРЭЛЛ і пераходзяць на еўрапейскія параметры. Дык каму будзем прадаваць энергію з Астраўца?

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ, КІРАЎНІК АНАЛІТЫЧНАГА ЦЭНТРУ «СТРАТЭГІЯ»:
«Гэта абсалютна непатрэбная рэч. На сённяшні дзень праект атамнай станцыі ў Астраўцы не зʼяўляецца ні эканамічна, ні экспартна цікавым».

Магчыма, ёсць палітычная мэта.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ, КІРАЎНІК АНАЛІТЫЧНАГА ЦЭНТРУ «СТРАТЭГІЯ»: «Адзіны сэнс – пра гэта шмат хто пачаў пісаць – гэта выкарыстанне АЭС для вытворчасці збройных ядравых матэрыялаў, якія можна выкарыстаць для стварэння атамнай бомбы».

Паводле эканамістаў, калі сёння спыніць будоўлю Астравецкай АЭС, выдаткі будуць меншыя, чым калі яна ўсё ж пачне працу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары