Літва купляе самыя сучасныя гаўбіцы «з улікам досведу грузінскай і ўкраінскай вайны»


Неўзабаве на ўзбраенне літоўскага войска маюць паступіць некалькі дзясяткаў самаходных гаўбіц «Pzh2000» нямецкай вытворчасці. Нашыя суседзі таксама плануюць радыкальна павялічыць выдаткі на абарону ў 2016 годзе.

Пагадненне пра пастаўкі нямецкай зброі бакі маюць падпісаць у аўторак. Міністр абароны Літвы Юозас Олякас заявіў, што ў сувязі са зменаю геапалітычнай сітуацыі ды з улікам досведу грузінскай і ўкраінскай войнаў трэба нарошчваць патэнцыял літоўскай артылерыі.

Гаўбіцы, якія плануе купіць Літва, характарызуюцца высокай хуткастрэльнасцю (ад 10 да 13 стрэлаў у хвіліну) і максімальным радыусам абстрэлу 56 кіламетраў. Дакладнасць стрэлаў у залежнасці ад тыпу снарадаў можа сягаць трох метраў.

Да прыкладу, самаходная гаўбіца «Мста-С» савецкай вытворчасці, якая ёсць на ўзбраенні беларускага войска, мае максімальную дальнасць стральбы 40 кіламетраў, падобную хуткастрэльнасць, інфармацыі пра дакладнасць у адкрытым доступе няма. Беларусь мае 12 такіх машын.

Плануецца, што акрамя гаўбіцаў Літва закупіць у Нямеччыне 26 камандных бронемашынаў і шэсць эвакуацыйных танкаў. Абаронны бюджэт Літвы налета мае павялічыцца на 35 % ды складзе 574 млн. еўраў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў