Літоўцы рыхтуюцца да найгоршага сцэнару з БелАЭС


Нашыя суседзі задумаліся, як абараніць сябе ад радыяцыі.

Літоўскія медыі пішуць пра нараду літоўскіх уладаў на тэму пагрозаў з боку Беларускай АЭС – падаецца, нашыя паўночна-заходнія суседзі змірыліся з тым, што станцыю пабудуюць.

Дарадца літоўскага прэм’ера па пытаннях міжнароднай палітыкі Дэйвідас Матулёніс лічыць, што ў абмеркаванні праблемы павінныя ўзяць удзел прадстаўнікі міністэрстваў энергетыкі, фінансаў, навакольнага асяроддзя, унутраных і замежнах справаў, а таксама мінабароны ды ведамстваў, адказных за радыяцыйную бяспеку.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Кароліс Вайткявічус адзначае, што хоць Беларусь запэўнівае, што АЭС нібыта будзе бяспечнай, Літве варта быць гатовай да розных сцэнароў.

«Найбольш актуальныя пытанні – падрыхтоўка да ахоўных дзеянняў, усталяваных спецыялістамі па радыяцыйнай бяспецы і ахове здароўя, каб абараніць насельніцтва і звесці да мінімуму магчымае ўздзеянне выпадковых і абумоўленых праяваў, выкліканых іянізавальным выпраменьваннем», – цытуе пазіцыю міністра Эймутыса Місюнаса «Delfi».

Адкрыццё двух энергаблокаў у Астраўцы, у некалькіх кіламетрах ад мяжы з Літвой, запланавае на 2020 год.

Нядаўна на станцыі пабываў польскі журналіст Міхал Патоцкі, які распавёў у эфіры «Белсату», што бачыў, як рэактар другога блоку ляжыць «пад накрыўкаю без сценаў».

«Калі мы паказалі гэта адмыслоўцам з Літвы, яны не маглі паверыць», – сказаў Патоцкі.

Некалькі дзён таму стала вядома, што корпус другога рэактару ўжо змантавалі.

ДД

Стужка навінаў