Літоўцы не маглі паверыць. Рэактар БелАЭС ляжыць пад накрыўкаю без сценаў

video

«Росатом» заяўляе, што адкіды будуць перапрацоўвацца ў Расеі, але не кажа, што далей: яны будуць вяртацца ў Беларусь ці заставацца ў Расеі

Што будзе з ядравымі адкідамі БелАЭС, не вядома дасюль, а Беларусі атамная станцыя ўжо не патрэбная. Як выглядае будаўнічая пляцоўка ў Астраўцы, на якую амаль не пускаюць журналістаў? А таксама пра тое, чаму не адбылося двухбаковай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Менску, – у інтэрв’ю з журналістам польскага выдання «Dziennik Gazeta Prawna» Міхалам Патоцкім, які толькі што вярнуўся з Беларусі.

Вялікі саміт, 25-годдзе АДКБ, з’ехаліся ўсе найважнейшыя кіраўнікі краінаў, быў Пуцін у Менску, а такое здараецца рэдка. Чаму не адбылося сустрэчы і не развязаныя ўсе пытанні, якіх апошнім часам назбіралася шмат?

З Пуціным і Лукашэнкам ніколі не бывае нецікава. Акурат гэта – наступны доказ. Я думаю, калі мы гаворым пра дачыненні дзвюх аўтарытарных краінаў, тут вельмі часта ёсць асабістыя прычыны для такіх неспадзяванак. Цалкам магчыма, ёсць нейкія асабістыя прычыны, але таксама не сакрэт, што паміж Менскам і Масквою ёсць адрозненні. Праблема ў інтэграцыі ўнутры Еўразійскага саюзу, які будуюць. Ёсць, вядома, пытанні і вайсковых базаў, пра якія Беларусь ды Расея ўжо кажуць шмат гадоў. Мы не маем пакуль ніякіх доказаў, бо ніхто нічога не тлумачыць. Але тут могуць быць асабістыя прычыны і палітычныя. Проста лідары дзвюх краінаў не дамовіліся пра штосьці і няма пра што гаварыць.

А якія асабістыя прычыны могуць быць? Асабістая непрыязь, нечага не падзялілі?

Напрыклад, пра нешта не дамовіліся. Можа быць, каманды прэзідэнтаў не дамовіліся пра нейкія канкрэтныя рэчы гэтай сустрэчы, і яна не адбылася. Гэта нармальна і ў дэмакратычным свеце. Скажам, калі каманды лідараў не дамовяцца пра нешта канкрэтнае, не падрыхтуюць правільна сустрэчы, тады яе адмяняюць. То бок гэта, вядома, спекуляцыі, бо я нічога не ведаю пра гэта, і ніхто не ведае, якія там рэальныя прычыны.

Літаральна некалькі дзён таму вы вярнуліся з вялікай паездкі, дзе даследавалі ўсё, што адбываецца вакол Астравецкай АЭС. Вы былі як на беларускім баку, гэтак і на літоўскім. Станцыя цяпер на стадыі завяршэння будоўлі: 89 % працаў ужо скончаныя. Што вас уразіла? Што вам паказалі? Бо мы ведаем, што Астравецкую АЭС хаваюць ад журналістаў, асабліва замежнікаў.

Нам гаварылі, што мы пятыя, калі казаць пра журналістаў, якія наведалі АЭС сёлета. Але, вядома, сярод гэтых пяці групаў былі беларускія і расейскія журналісты. Сапраўды вельмі складана атрымаць дазвол на наведванне электрастанцыі. Мы дабіваліся 2,5 месяцы. І толькі за дзень да візіту на пляцоўку дазволілі ўвайсці туды. Мы нават у Менск ехалі, не ведаючы, ці будзе наагул магчымасць наведаць станцыю. У найгоршым сцэнары мы думалі, што паедзем у Астравец, увойдзем у інфацэнтр у горадзе. І нічога больш не ўдасца. Нам удалося, мы былі на пляцоўцы.

Мы былі ў адмысловым цэнтры, дзе адбываецца навучанне спецыялістаў, якія будуць працаваць на АЭС. Нам не дазволілі ўсяго здымаць, мы мелі магчымасць фатаграфаваць толькі з аднаго канкрэтнага месца і толькі пэўны від будоўлі без наваколля. Нам гэта тлумачылі бяспекаю. Электрастанцыя амаль ужо гатовая, першы блок амаль гатовы. 89 % гатовасці – гэта ў сярэднім пра два блокі. У 2019 годзе першы блок ужо павінен працаваць, а другі – праз год. Праз год там ужо будзе паліва. Пакуль у першым блоку будуць праходзіць выпрабаванні, трэнаванні, будуць правяраць гэты блок на ўсякія магчымасці, і потым прыедзе паліва з Расеі.

Наколькі я ведаю, была адная рэч, якая вас моцна ўразіла, што рэактар ужо на месцы.

Рэактар першага блока ўжо ў будынку. Рэактар для другога блока таксама ўжо на месцы, але ляжыць пад такою накрыўкаю без сценаў.

Што гэта азначае?

Калі мы паказалі гэта адмыслоўцам з Літвы, яны не маглі паверыць…

Рэактар мусіць захоўвацца. Рэальна гэта сэрца электрастанцыі, самае важна месца для атамнай электрастанцыі пагатоў.

Рэактар так проста не мусіць ляжаць пад такою ненадзейнаю накрыўкаю.

Застаецца вострае пытанне, якое ўздымаюць беларускія эколагі: што будзе далей з адкідамі? Мы ведаем, што АЭС будуе расейскі «Росатом», і яны вельмі цьмяна кажуць, што будзе адбывацца далей з гэтым ужо адпрацаваным палівам. Нешта новае ў гэтым ключы вам удалося даведацца?

Ніхто нам не адказаў канкрэтна на пытанне, куды дзенуцца потым гэтыя адкіды. Мы пыталі беларускае Міністэрства энергетыкі, а таксама «Росатом». «Росатом» адказаў, што адкіды будуць перапрацоўвацца ў Расеі, але не адказаў, што далей: яны будуць вяртацца ў Беларусь ці заставацца ў Расеі?

Беларускія эколагі казалі, што расейскае заканадаўства забараняе імпартаваць атамныя адкіды. Таксама пытанне дамоўленасці паміж краінамі. Ніхто не ведае насамрэч, вось адказ. Магчыма, яны будуць потым захоўвацца ў Беларусі. Станіслаў Шушкевіч, палітык і ядравы фізік, сказаў нам, што ёсць такія фізічныя ды тэхнічныя магчымасці, каб захоўваць у Беларусі. Але дзе канкрэтна, ніхто не ведае.

Вы былі таксама на тэрыторыі Літвы, размаўлялі з людзьмі, якія вельмі непакояцца гэтым фактам. Якая цяпер пазіцыя Літвы, і наколькі Польшча зацікаўленая ды звяртае ўвагу на тое, што адбываецца?

Польскія міністэрствы нам адказалі, і гэта былі афіцыйныя заявы міністраў, у тым ліку міністра замежных справаў. Польшча не збіраецца набываць электраэнергіі з Астраўца. Літва наагул спрабуе блакаваць гэтую інвестыцыю. Ёсць прыклады, калі ўжо пабудаванай электрастанцыі не адкрылі (у Аўстрыі быў такі прыклад). Гэта дэмакратычная краіна, гэта было пасля рэферэндуму.

Складана сабе ўявіць такое ў Беларусі. Вядома, гэтую электрастанцыю адкрыюць. Я не сумняюся ні на секунду. Але Літва, напрыклад, на заканадаўчым узроўні забараніла набываць электраэнергію з Астраўца.

Для Беларусі гэта праблема, бо яна разлічвала на тое, што частка гэтай энергіі пойдзе на экспарт. Цяпер ужо бачна, што калі наагул пойдзе, то толькі ва Украіну ці Расею. Але з Расеяй таксама праблемы: у Расеі таннейшая электраэнергія, чымся будзе вытварацца ў Астраўцы.

То бок каму была патрэбная гэтая інвестыцыя?

Яна патрэбная была Беларусі ў дакрызісны час, калі дзяржава развівалася на 11 % за год, калі спажыванне электраэнергіі расло. Цяпер падчас стагнацыі і вельмі доўгай рэцэсіі столькі энергіі наагул не трэба Беларусі. На гэты момант гэтая электрастанцыя не патрэбная.

Вядома, улады Беларусі кажуць і нам таксама тлумачаць, што мы можам зачыніць нейкія састарэлыя газавыя электрастанцыі, гэта праўда. Што мы будзем атрымліваць таннейшую за расейскі газ электраэнергію, гэта таксама праўда. Тут ёсць і плюсы гэтай інвестыцыі, але калі сёння ўлады Беларусі прымалі б такое рашэнне, я думаю, што не прынялі б яго. Ведаючы тое, што ведае сёння.

Інтэрв’ю выйшла ў эфір 1 снежня ў праграме «ПраСвет» з Алінаю Коўшык.

Таксама ў выданні:

  • Крэмль: Хто з намі, той супраць нас. Да чаго Масква хоча змусіць Беларусь?
  • Якія з беларускіх кніг зацікавілі наведнікаў Кірмашу гістарычнай кнігі ў польскай сталіцы?
  • Космас іх? Палёты і пралёты Расеі ў асваенні касмічнае прасторы
Глядзі таксама
Каментары