Літоўцаў абурыла новая расейская манета, якая нагадвае пра савецкую акупацыю


Расея выпусціла ў зварот манету з выявай савецкіх скульптураў з Зялёнага моста ў Вільні, якія знялі ў мінулым годзе.

Высокапастаўлены літоўскі дыпламат такі жэст Расеі палічыў негатовасцю ўспрымаць гістарычную праўду пра савецкую акупацыю. Менавіта так палітычны дырэктар Міністэрства замежных справаў Літвы Роландас Качынскас ацаніў выпушчаную Цэнтральным банкам Расеі 5-рублёвую манету. На ёй у абрамленні двух пяціканцовых зорак можна пабачыць надпіс «Вильнюс» і дату «13 июля 1944 года» – у Вільні гэты дзень звязваюць з заняццем гораду Чырвонай арміяй.

Пяцірублёвая манета «Вильнюс»

У сваю чаргу як савецкая прапаганда, так і цяперашняя Масква гэтую падзею называе «вызваленнем савецкімі войскамі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Літоўцы ж падкрэсліваюць, што нацысцкую акупацыю змяніла савецкая, якую суправаджаў тэрор і дэпартацыі жыхароў Літвы ў Сібір.

«МЗС Літвы ведае і звяртае ўвагу на выпушчаныя Цэнтральным банкам Расеі манеты. У нас не ўзнікае сумневаў адносна ролі Чырвонай арміі і яе месца ў гісторыі Літвы», – заявіў Роландас Качынскас.

На прэтэнзіі літоўцаў банк адказаў наступнай заявай:

«Ніякія геапалітычныя змены, якія адбываліся з моманту канца Другой сусветнай вайны, не могуць паставіць пад сумнеў бясспрэчную важнасць перамогі над фашызмам для ўсіх народаў Еўропы і свету. І менавіта гэтай перамозе прысвечаная серыя памятных манетаў Банку Расеі».

Скандальная серыя

Серыю манетаў «Гарада-сталіцы дзяржаваў, вызваленых савецкімі войскамі ад нямецка-фашысцкіх захопінаў» Банк Расеі выпусціў 1 жніўня 2016 года. Серыя ўключае манеты. прысвечаныя Менску, Бялграду, Берліну, Братыславе, Будапешту, Бухарэсту, Варшаве, Вене, Вільні, Кіеву, Кішынёву, Празе, Рызе ды Таліну.

На манеце, прысвечанай Менску, адлюстраваны «Курган Славы» (Смалявіцкі раён):

НМ, belsat.eu, паводле ru.delfi.lt, Lenta.ru

Стужка навінаў