Літоўскі міністр энергетыкі Жыгімантас Вайчунас спадзяецца, што Вашынгтон падтрымае памкненні Літвы спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.
Жыгімантас Вайчунас, які на гэтым тыдні наведаў ЗША, заявіў:
«Пытанне Астраўца падымалася з маёй ініцыятывы. Як і ў адносінах да «Nord Stream 2» ёсць агульны падыход, што няма такіх сітуацыяў, якія б мы трактавалі як кропку невяртання – на любой стадыі праекты мы мусім рабіць усё, каб праекты не рэалізоўваліся, або каб тэрміны іх рэалізацыі перанесліся. Спадзяюся на сапраўды салідарны ўклад ЗША ў перадухіленні шляху ядравай пагрозы на мяжы НАТО, а менавіта ў Літве».
Міністр спадзяецца, што ЗША будуць глядзець на свае адносіны з Беларуссю менавіта праз прызму АЭС.
22 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што запуск першага блоку АЭС адклалі на год. У зрыве тэрмінаў ён абвінаваціў Расею. Крыху раней у расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам» заявілі, што працы па ўзвядзенні першага і другога энергаблокаў Астравецкай АЭС скончаць своечасова. Паводле «Расатаму», першы блок БелАЭС запрацуе да канца наступнага году.