Літоўская выведка папярэдзіла fintech аб пагрозе з Беларусі і Расеі


Літоўскія спецслужбы ўбачылі пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы ў сектары фінансавых тэхналогій (fintech), на які нацэліліся структуры, падкантрольныя выхадцам з Расеі і Беларусі. Раней у Вільні праяўлялі цікаўнасць да стартапаў з краін постсавецкай прасторы.

У традыцыйнай ацэнцы пагроз нацбяспекі, падрыхтаванай Дэпартаментам дзяржбяспекі (ДДБ) і ваеннай выведкай, згадваецца магчымасць стварэння ў Літве спецыялізаваных банкаў, якая з’явілася летась, паведамляе The Baltic Course са спасылкай на LETA / BNS.

«Зацікаўленасць у гэтых магчымасцях актыўна праяўлялі і кампаніі-інвестары, і кампаніі, якія прадстаўляюць розныя фінансавыя паслугі, а таксама прадпрыемствы фінансавых тэхналогій, паходжанне капіталу, дзейнасць і сувязі якіх не адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў дакуменце.

Канкрэтныя краіны не пазначаны, але на прэс-канферэнцыі кіраўнік ДДБ Дарюс Яунішкіс сказаў, што «гэта грошы Расеі і Беларусі, якія прыходзяць праз афшорныя кампаніі».

Банк Літвы (Цэнтрабанк) хацеў бы, каб Вільнюс стаў рэгіянальным цэнтрам фінансавых тэхналогій. Мясцовыя арганізацыі Startup Lithuania – ініцыятар запуску стартап-візаў у краіне, і Invest Lithuania, якая займаецца прыцягненнем інвестыцый для ўжо сфарміраваных кампаній, фокус рабілі ў тым ліку на праекты з краін былога Савецкага Саюза, якія маглі б не толькі пераехаць у Літву, але і пашыраць свой бізнес на рынак ЕЗ. У якасці дамінуючых сфер называліся fintech і е-сommerce.

Прадстаўнік Банка Літвы заявіў, што рызыкі ў сувязі з інвестыцыямі ў fintech знаходзяцца пад кантролем, а ліцэнзійныя патрабаванні застаюцца строгімі. Пры атрыманні ліцэнзіі спецыялізаванага банка ў Літве, як і ва ўсім Еўразвязе, прымяняюцца дакладна такія ж высокія патрабаванні да акцыянераў банка, рэпутацыі і кампетэнтнасці яго кіраўніцтва, паходжання капіталу, як і ў дачыненні да традыцыйнага банка.

Перад тым, як прыняць рашэнне аб выдачы любой ліцэнзіі, рэгулятар заўсёды звяртаецца ў адпаведныя ведамствы ў Літве, якія могуць мець важную інфармацыю для прыняцця рашэння аб выдачы ліцэнзіі. Па словах дырэктара назіральнай службы Банка Літвы Вітаўтаса Валвоніса, калі прадпрыемства, якое звяртаецца па ліцэнзію, не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, створаная пры ўрадзе Літвы камісія прымае адмоўнае рашэнне. За апошні год ліцэнзіі на прадастаўленне паслуг fintech «не былі выдадзены некалькі разоў».

У мінулым годзе ў Літве было прадстаўлена 32 ліцэнзіі fintech – амаль удвая больш, чым у 2016 годзе, калі было выдадзена 17 ліцэнзій. У гэтым годзе выдадзена восем такіх дазволаў, яшчэ 20 заявак знаходзіцца на разглядзе.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў