Літоўскія стралкі вучацца партызаніць у лясах


Вывучанае наступальнай і абарончай тактыкі, выжыванне ў лесе – гэтаму вучаць у Літоўскім звязе стралкоў. Ваенізаванае аб’яднанне, што дзейнічае на карысць нацыянальнай абароны, карыстаецца цяпер вялікай папулярнасцю ў Літве.

У саюзе не хаваюць, што прыток новых чальцоў наўпрост звязаны з жаданнем быць гатовым да магчымай агрэсіі з боку Расеі. «Расейская агрэсія моцна паўплывала на нашую арганізацыю, – гаворыць адзін з кіраўнікоў Літоўскага звязу стралкоў Людас Гумбінас. – Летась у нашыя шэрагі ўступілі каля тысячы пачаткоўцаў і сёння нашая арганізацыя налічвае больш за 8 тысяч чальцоў. Думаю, гэтыя лічбы будуць расці бліжэйшым часам».

Арганізацыя мае дзесяць аддзяленняў, размеркаваных паводле тэрытарыяльнага прынцыпу. Віленскі атрад зладзіў у мінулыя выходныя навучанне для 29 чальцоў. Удзельнікі вучэнняў падзяліліся на групы па 5-6 асобаў, кожная з іх вучылася закладаць лагер, распальваць вогнішча і гатаваць ежу, выжываць у лесе.

Адзін з удзельнікаў навучання, што ўступіў у саюз летась, кажа, што хацеў бы навучыцца бараніць краіну ў выпадку агрэсіі. «У 2014 года я прынёс прысягу, а ўжо ў ліпені браў удзел у першых падобных вучэннях. Яны даюць магчымасць атрымаць навыкі выжывання ў лесе з мінімальным рыштункам у экстрэмальных умовах», – гаворыць Рокас Вічкус.

Літоўскі звяз стралкоў быў утвораны ў 1919 годзе, але ліквідаваны 1940 годзе, калі ў Літву прыйшла камуністычная ўлада. Арганізацыю аднавілі ў 1989 годзе. Сёння Літоўскі саюз стралкоў карыстаецца падтрыманнем дзяржавы.

«Літоўскі звяз стралкоў з’яўляецца ўнікальнай добраахвотніцкай арганізацыяй, якая працуе на ідэю незалежнасці, падтрыманне ўзброеных сілаў. А ў выпадку вайны яна будзе рэзервам для войска», – падкрэслівае міністр абароны Літвы Юозас Олякас.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў