Літоўскія дзяўчыны просяцца ў войска замест хлопцаў, «якія плачуць»


Дзяўчыны з Літвы сфатаграфаваліся ў вайсковай форме і з подпісам «Мужчыны плачуць, пойдзем мы» выклалі здымак у Facebook.

Апублікаваны ўчора фотаздымак ужо сабраў больш 24 тысячы «лайкаў».

«Не сакрэт, што, калі былі апублікаваныя спісы прызыўнікоў, усе яны пачалі пра гэта паведамляць. Адны радаваліся, другія рэагавалі іранічна, таму мы вырашылі прыдумаць вясёлы адказ усім, падбадзёрыць. Мы не хацелі ні над кім смяяцца, з атрыманых каментароў і паведамленняў мы зразумелі, што ўдалося падняць усім настрой», – кажа Іева Пятраўскайце, якая апублікавала здымак на сваёй старонцы.

Партал Delfi нагадвае, што калі ў Літве вярнулі прызыў у войска, некаторыя жанчыны абурыліся, што іх не прызываюць. Тады кіраўніца Цэнтру развіцця роўных магчымасцяў Маргарыта Янкаўскайце заявіла, што калі жанчыны жадаюць служыць у войску, для іх павінны быць створаныя ўмовы.

«У нашыя дні ў войску дамінуе не толькі фізічная сіла, трэба ўмець карыстацца зброяй, абсталяваннем, зараз усё часцей гаворыцца пра кібернетычныя атакі. Ёсць розныя метады вайны, таму ў жанчын павінна быць магчымасць увайсці ў войска прызыўнікоў. Калі мы лічым, што ёсць небяспека, і што прызыўнікі патрэбныя, да гэтага трэба рыхтаваць усіх членаў грамадства», – сказала.

Сёлета ў Літве плануюць заклікаць у войска 3000 хлопцаў. У сераду былі афіцыйна апублікаваныя спісы прызыўнікоў, якія ўключаюць 36 825 юнакоў ва ўзросце ад 19 да 26 гадоў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў