Літоўскі міністр: Каб закончыўся канфлікт ва Украіне, трэба кантроль мяжы з Расеяй


Расейска-ўкраінскі канфлікт – прыярытэтная тэма на саміце міністраў замежных справаў краін АБСЕ. Падрабязней пра сустрэчу і яе вынікі «Белсат» распытаў міністра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса.

Каб узброены канфлікт ва Украіне закончыўся, Расея мусіць вывесці з Украіны сваіх жаўнераў і тэхніку ды паспрыяла магчымасці ўсталяваць кантроль над украінска-расейскай мяжою.

«Калі мяжа не кантралюецца, тут няма ніякага сэнсу, і ніякая назіральная місія не дапаможа завяршыць гэты канфлікт», – мяркуе спадар Лінкявічус. Хоць Расея не прызнае свайго ўдзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне, ключ да развязання канфлікту знаходзіцца ў Маскве, упэўнены літоўскі міністр.

Прадстаўнік ураду Літвы падкрэсліў, што санкцыі Захаду адносна Расеі – гэта крайнія меры, але яны дзейнічаюць. Ці змусяць урэшце санкцыі, каб кіраўніцтва Расеі адумалася? «Усё, што цяпер адбываецца, – гэта ірацыянальна. Падае эканоміка ў самой Расеі, інвестыцыі сыходзяць, і доступ да фінансавага рынку абмежаваны, кошты на нафту не вельмі спрыяльныя. Рацыянальна думаючы, тут даўно трэба было нешта змяняць», – заўважыў спадар Лінкявічус.

Хоць Літва і невялікая краіна, але стараецца спрычыніцца да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, уздымаючы гэтае пытанне ў Еўразвязе, НАТО і ААН. «Мы не толькі гаворым прыгожыя словы, але і дапамагаем ва ўсім, у чым можам – гэта пазіцыя не толькі нашага ўраду, але і нашага народу», – падкрэсліў шэф літоўскай дыпламатыі. Паводле яго, літоўцы з вялікай сімпатыяй глядзяць на ўкраінскі народ і спадзяюцца, што выпрабаванні ўкраінцаў закончацца.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары