Літоўскі, Калючынскі, П. Ліпень – хто гэта? Дзіўныя назвы вуліц у Горадні


Вуліца Літоўскага, як пішацца на шыльдах, знаходзіцца на гарадзенскім Новым Свеце, квартале, які паўстаў на пачатку ХХ стагоддзя тады яшчэ на ўскрайку гораду. Вуліца ўключае ў сябе дзясятак дамоў і плаўна перацякае ў значна большую – Міцкевіча. Забудаваная Літоўскага з-большага аднапавярховымі дамкамі перадваеннай пабудовы.

Хто ж такі Літоўскі, пра якога маўчаць школьныя падручнікі ды краязнаўчая літаратура? Спачатку вырашылі спытацца ў жыхароў вуліцы, але тут версіі разышліся: «На гонар Вялікага Княства…» «Бо літоўцы жылі» «Літоўскі? Добрае пытанне…».

Версія гісторыкаў аказалася куды больш празаічнай.

«На міжваенных планах гэтая вулачка дакладна фігуруе як Літоўская, – распавядае даследчык Янка Лялевіч, – Шпацыруючы ў тых мясцінах заўжды звяртаў увагу: а чаму «Літоўскага»? Я не ведаю такога дзеяча, хоць, вядома, была практыка перайменавання вуліц паводле сугучнасці: так 3 мая сталася 1 мая. Таму, можа і ёсць нейкі савецкі дзеяч Літоўскі… Па мне, дык сітуацыя больш выглядае на тапанімічны кур’ёз».

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Падобнага меркавання трымаецца і краязнавец Віктар Саяпін. Па ягонай версіі старадаўняя Літоўская стала вуліцай Літоўскага …праз памылку недзе ў 1950-60-х. Па ўсіх жа гарадскіх дакументах вуліца дагэтуль называецца паводле свайго першаснага варыянту – Літоўская.

«Падобны кур’ёз быў таксама з вуліцай «П.Ліпеня»… Хто такі П.Ліпень? – разводзіць рукамі Саяпін, – Ніхто не ведае. Апынулася, што вуліца да вайны называлася 11 ліпеня, а нейкі грамацей прачытаў «11» як «П», стварыўшы фантастычную гістарычную асобу».

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Краязнавец Алесь Госцеў прыгадвае яшчэ адзін прыклад: вуліца Калючынская, адна з найстарэйшых у Горадні, пэўны час называлася Калючынскага – па прычыне той жа непісьменнасці чыноўнікаў.

Дзіўна, што нягледзячы на смешную колькасць дамкоў нікому дагэтуль не прыйшло ў галаву зняць шыльды «Літоўскага» і павесіць аналагічныя, але ўжо з адэкватным гістарычнай назвай.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў