Лінкявічус адказаў на выклік амбасадара ў МЗС Беларусі


Літва шануе эканамічнае партнёрства з Беларуссю, аднак «не можа ігнараваць праблемы, якія існуюць у гэтай краіне», заявіў літоўскі міністр замежных спраў. Гэткімі словамі Лінас Лінкявічус адрэагаваў на выклік амбасадара Літвы ў МЗС Беларусі для тлумачэнняў выказванняў Далі Грыбаўскайце.

Пра гэта паведамляе агенцтва BNS.

«Мы заўсёды памятаем пра тое, што гэта наш сусед, што мы з гэтым суседам і гандлюем, і супрацоўнічаем, і партнёрства ў гэтым сэнсе вельмі важнае. Аднак ёсць аспекты, якія заслугоўваюць каментароў. Мы не можам не звяртаць увагі на гэта. Наколькі мне вядома, прэзідэнт выказала сваё меркаванне з нагоды вучэнняў, якія апошнім часам арганізуе Расея і ў якія Беларусь вельмі інтэграваная, яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для дыслакацыі вялікіх магутнасцяў», – заявіў Лінкявічус, дадаўшы, што ў Менску не хочуць абмяркоўваць АЭС у Астраўцы.

5 чэрвеня ў інтэрвʼю LRT Грыбаўскайце заявіла, што суседства з Беларуссю і Расеяй і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для «агрэсіўных гульняў» уяўляе пагрозу для Літвы. Увечары МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Літвы для тлумачэнняў, назваўшы словы Грыбаўскайце абразаю.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары