Лінкавічус: «Менску не варта сілкавацца надзеямі на супольную эксплуатацыю АЭС»


Літва холадна сустрэла прапанову прэзідэнта Беларусі аб сумеснай эксплуатацыі БелАЭС.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, каб Менск не сілкаваў сябе надзеямі наконт супольнай з Літвой эксплуатацыі станцыі.

«Менску не варта мець надзеі на тое, што ён зможа прадаваць электраэнергію з небяспечнай атамнай станцыі», – цытуе словы міністра замежных справаў «Delfi» са спасылкай на агенцтва Baltic News Service.

Давер, паводле ягоных словаў, можа павялічыць толькі нагляд за аб’ектам з боку незалежных экспертаў.

Дыскусіі пра бяспеку БелАЭС аднавіліся ў сувязі з апошнім здарэннем на станцыі – падзеннем корпуса рэактару падчас мантажу.

У чацвер Аляксандр Лукашэнка паабяцаў адмовіцца ад гэтага корпуса, калі на ім будуць выяўленыя хоць найменшыя пашкоджанні або нават драпіны.

Міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс сцвярджае, што адмова ад корпуса рэактара, які ўпаў, – гэта нармальны крок:

«Па іншаму паступаць нельга, бо гэта стварае пагрозу».

Паводле Лінкавічуса, выказаныя Літвой прэтэнзіі адлюстроўваюць імкненне забяспечыць бяспеку аб’екту, які будуецца ў 50 км ад Вільні.

Літву непакояць намеры Беларусі збудаваць станцыю як мага хутчэй і танней, а таксама перспектыва пераносу сталіцы ў іншае месца ў выпадку аварыі.

Беларускую АЭС будуе расейскі «Росатом», пуск першага блоку запланаваны на 2018 год, другога – на 2020-ы.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў