На «Белсаце» – прэм’ера дакументу «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні»

video

Афіцыйная статыстыка сталінскіх ахвяраў не брала пад увагу дзіцячай смяротнасці. Новы фільм «Белсату» пралівае святло на адну з самых недаследаваных тэмаў камуністычных чыстак.

Рэпрэсіі ў сталінскія часы перамалолі мільёны жыццяў – машына тэрору не ведала літасці ані да жанчын, ані да дзяцей. Хоць паводле афіцыйнай версіі, жанчыны склалі толькі 1 % усіх ахвяраў чыстак, а дзеці ўвогуле не фігуравалі ў статыстыках. Гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што ў 1927 годзе 47% вязняў будучага Гулагу складалі хлопцы ад 16 да 24 гадоў».

«Белсат» рэпрэзентуе найноўшы фільм з цыклу «Невядомая Беларусь» – стужку «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні».

Фільм распавядае канкрэтныя гісторыі рэпрэсіяў дзетак, дае магчымасць зразумець чаму некаторыя адмаўляюць сам факт сталінскага тэрору і пралівае святло на маштабы бязвінна загінулых ад камуністычнага рэжыму.

Пра тое, што немагчыма асэнсаваць гісторыю да канца, пакуль не будзе афіцыйна сказана, што савецкая ўлада будавалася на гвалце і смерці, кажа адна з гераіняў фільму расейская гістарычка Марыэта Чудакова.

Тое, што не адбылося канчатковага развітання са спадчынаю сталінізму, адзін з герояў фільму тлумачыць тым, што пасля працы ў архівах многія ўсведамляюць, што «іх кроўныя былі серыйнымі забойцамі». А пра гэта казаць ніхто не хоча, і таму «Сталін – харошы».

Ігар Кузняцоў кажа, што беларускія дзеці былі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій да пачатку 50-х гг.:

«Толькі у 1951–1952 гг. з тэрыторыі Заходняй Беларусі былі дэпартаваныя мінімум 4 500 дзяцей.»

Пра дакладныя лічбы дзіцячых ахвяраў, на думку гісторыка, мы наўрад ці даведаемся калі-небудзь.

«Вядома адно: большасць з іх назаўсёды засталася ў зямлі лагераў, куды іх высылалі.»

Старшыня таварыства «Мемарыял» Арсеній Рагінскі лічыць, што ўсе планы разваліць сям’ю ў Сталіна, аднак, праваліліся:

«Адной з задачаў тэрору было атамізаваць краіну, каб усе адчувалі сябе асобнымі і раздробненымі, каб жыццё кожнага належала дзяржаве. Сталін знішчыў навуку, знішчыў інтэлігенцыю, але знішчыць сям’ю яму не ўдалося.»

У фільме выкарыстаныя малюнкі вязняў Гулагу, фондавыя матэрыялы і фотаздымкі віртуальнага музею расейскага таварыства «Мемарыял».

Глядзі таксама
Каментары