Міністэрства інфармацыі будзе дапрацоўваць заканадаўства, якое рэгулюе інтэрнэт-прастору. Пра гэта падчас прыёму грамадзян і прамой тэлефоннай лініі паведаміла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
Так, падрыхтаваны змены ва ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт». Плануецца зачыніць наяўныя шчыліны для ўладальнікаў сайтаў у плане іх адказнасці за «каментатараў» на сваіх рэсурсах. Паводле Ананіч, людзі адчулі карысць ад дзяржаўнага рэгулявання інтэрнэт-прасторы.
«Дзяржаўнае рэгуляванне гэтай сферы неабходна, і грамадзяне ўскладаюць на яго пэўныя надзеі. Праводзяцца праверкі, зачыняюцца сайты з-за распаўсюджвання наркотыкаў і г.д. Гэтыя і іншыя дэструктыўныя праявы праз інтэрнэт павінны спыняцца», – падкрэсліла Лілія Ананіч.
Закон аб СМІ з папраўкамі, якія тычацца новых правілаў працы ўэб-рэсурсаў, уступіў у сілу 1 студзеня сёлета. Згодна са зменамі, Мінінфарм атрымаў права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-СМІ ў пазасудовым парадку і нават за аднаразовае парушэнне, а таксама блакаваць старонкі, якія размясцілі інфармацыю, забароненую альбо абмежаваную да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Пасля прыняцця паправак напрыканцы снежня 2014 года быў заблакаваны шэраг сайтаў недзяржаўных СМІ, сярод якіх charter97.org, naviny.by, Салідарнасць, Prokopovi.ch, belaruspartisan.org і сайты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
У АБСЕ назвалі гэтыя новаўвядзенні пагрозай для свабоды слова, свабоды СМІ і распаўсюду інфармацыі.
ДР, belsat.eu