Ліквідацыя ахоўнай зоны вакол Палескага радыяцыйнага запаведніка. Што гэта азначае?


Кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які ліквідуе ахоўную зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Канстанцін Чыкалаў, каардынатар прыродаахоўнага праекту «Багна» у Беларусі патлумачыў belsat.eu, што гэта крок, які скіраваны на тое, каб афіцыйна перанесці гэтыя землі ў эканоміку. Але ж сельскагаспадарчая дзейнасць там вялася і да падпісання ўказу.   

Указ Лукашэнкі датычыць тэрыторыі працягласцю ў 1 кіламетр па перыметры Палескага радыяцыйнага запаведніка. Яна была створаная дзеля патрэбаў запаведніка, і адміністрацыяй там было забаронена, у прыватнасці, паляваць на жывёлаў, каб яны свабодна маглі выходзіць, перамяшчацца, пасціся. Цяпер гэтую зямлю звярнулі да агульнага карыстання.

«Там і раней заканадаўча не была забаронена сельскагаспадарчая дзейнасць. Там секлі лес, засявалі лес. Фактычна з боку дзяржавы адмена гэтай зоны – гэта крок афіцыйна даць гэтыя землі ў сельскагаспадарчы зварот. То бок зараз тут можна рабіць усё, у тым ліку паляваць на жывёлаў», – кажа Канстанцін Чыкалаў.

Там, дзе ёсць плямы забруджанасці, на тэрыторыі былой ахоўнай зоны сельскагаспадарчая дзейнасць не дазваляецца. Забарона павінна застацца і зараз, як у любым месцы, дзе існуюць зарэгістраваныя плямы радыяцыйнай забруджанасці і стаяць знакі радыяцыйнай небяспекі.

На рэжым Палескага запаведніка ліквідацыя ахоўнай зоны ніяк не паўплывала. Доступ туды застаецца абмежаваным, на тэрыторыі запаведніка нельга збіраць ягады і грыбы ці паляваць.

«Гэта закрытая тэрыторыя, туды трапляюць па прапусках або ў святы, калі родным трэба наведаць могілкі блізкіх. Аднак ёсць звесткі, што гэты рэжым часта парушаецца мясцовымі жыхарамі», – кажа Канстанцін Чыкалаў.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў