Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў мясцовых выбарах будуць удзельнічаць «нечаканыя асобы»


У выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы чакаецца ўдзел досыць вялікай колькасці кандыдатаў-індывідуалаў. Пра гэта паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына

Ярмошына распавяла, што звароты, якія цяпер паступаюць у ЦВК, у сваёй большасці датычацца парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Высвятляюцца нюансы дэкларавання маёмасці, выкарыстання сродкаў выбарчага фонду, вядзення агітацыі і г.д.

«Усё гэта сведчыць аб тым, што ў нас дастаткова шмат уступае ў барацьбу кандыдатаў-індывідуалаў. Таму што, як правіла, тыя, хто ідзе на выбары ад партыі, больш дасведчаныя аб такіх дэталях і пытаннях. Так што ў нас будуць нечаканыя асобы і з’явяцца новыя палітыкі. Тыя, якія цяпер паўдзельнічаюць у выбарах», – сказала старшыня ЦВК.

Тэрміны вылучэння кандыдатаў – з 10 снежня па 8 студзеня ўключна. Дэпутатам мясцовага Савету можа быць абраны грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 18 гадоў, калі ён не мае судзімасці і пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй у сілу прафесійнай дзейнасці. Таксама мае права вылучацца грамадзяне Расеі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

Мясцовыя выбары адбудуцца 18 лютага 2018 года.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў