Лідзія Ярмошына: «Бацькам» павінен быць мужчына, гэтакі айцец нацыі


Калі падбярэцца каманда з неардынарных кандыдатаў у прэзідэнты, «мы, вядома, будзем рады», заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў інтэрвю праграме «Карціна свету» тэлеканалу «РТР-Беларусь».

З іншага боку, дадала яна, «вельмі смешныя кандыдаты заўсёды працуюць на шкоду выбарам, бо паніжаюць іх рэйтынг у вачах выбарнікаў».

У Беларусі, адзначыла Ярмошына, выбары як палітычная кампанія не з’яўляюцца шоу, «і ў гэтым сэнсе краіна кансерватыўная ў добрым сэнсе гэтага слова». «У нас кандыдат у прэзідэнты – гэта ў агульных вачах чалавек, які можа больш, чым я (выбарнік – рэд.), ён вышэйшы, чым я па нейкіх маральных і прафесійных якасцях. Толькі тады ёсць нейкая пэўная павага да ўлады, якая нараджаецца», – цытуе словы кіраўніцы Цэнтрвыбаркаму БелаПАН.

Разважаючы пра перспектывы на выбарах жанчын-кандыдатаў, Ярмошына заявіла: «Жанчына, вядома, можа і будзе вельмі ўплывовым чалавекам, але яна ўсё ж будзе працаваць у нейкай традыцыйнай сферы – кіраваць адукацыяй ці культурай. Але «бацькам» мусіць быць мужчына, гэтакі айцец нацыі». Пры гэтым яна падкрэсліла, што не мае на ўвазе дзейнага прэзідэнта – «таму што мяне тады папракнуць у рэкламе на карысць аднаго з прэтэндэнтаў». «Я мела на ўвазе такое паняцце, як айцец народа», – удакладніла кіраўніца Цэнтрвыбаркаму.

Ярмошына ўпэўненая, што пакуль ніхто з прадстаўнікоў апазіцыі не можа скласці канкурэнцыю на выбарах цяперашняму кіраўніку дзяржавы. «Але гэта не значыць, што выбары будуць сумнымі», – заявіла яна.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі на гэты час заявілі актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, якая плануе вылучацца ад кааліцыі «Народны рэферэндум», лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і беспрацоўны Юрый Шульган. Акрамя таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары