Лідары G20 хочуць знішчыць прычыны змушанай міграцыі


Саміт G20 распачаўся на наступны дзень пасля тэрактаў у Парыжы. Экстрэмізм стаў галоўнай тэмаю сустрэчы ў Турцыі: лідары краінаў вялікай дваццаткі заўляюць пра ўзмацненне супрацы ў барацьбе з «Ісламскай дзяржавай», але не кажуць, што канкрэтна збіраюцца рабіць.

Галоўнай тэмаю саміту G20, на якім дваццатка найбольш моцных гаспадарак свету звычайна абмяркоўвае супольную фінансавую палітыку, стала супрацьдзеянне тэрарызму. Пасля хвіліны цішыні ў памяць аб загінулых гэта адзначыў Рэджэп Таіп Эрдаган: «Гаспадарка неразрыўна звязаная з палітычнымі, сацыяльнымі і культурнымі праблемамі. Міжнароднае еднасць і супрацоўніцтва надзвычай важныя для вырашэння эмігранцкага крызісу і ягоных наступстваў».

На сустрэчы з турэцкім прэзідэнтам Барак Оўбама заявіў Эрдагану: «Думаю, сённяшнія дыскусіі дапамогуць каардынаваць працы па ўшчыльненню турэцка-сірыйскай мяжы, каб не дазволіць ІД дзейнічаць. Злучаныя Штаты стаяць поплеч з Турцыяй, Еўропай і іншымі краінамі, каб дапамагчы тым, хто ў бядзе. Таксама мы спадзяемся паўплываць на зніжэнне колькасці ўцекачоў».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель была больш красамоўнай: «Саміт распачаўся, і на ім галоўнай тэмай з’яўляюцца парыжскія тэракты. Мы жорстка заўляем, што з’яўляемся больш моцнымі, чым кожная форма тэрору».

«Цяпер спецслужбы і ўлады Францыі павінныя знайсці вінаватых і тых, хто з імі звязаны. Гэта абавязак перад загінулымі і іх роднымі, мы абавязаныя зрабіць гэта дзеля нашай бяспекі і дзеля многіх невінаватых уцекачоў, якія бягуць ад вайны і тэрору».

«Больш таго, цалкам зразумела, што мы павінныя знішчыць карані міграцыі ў тых месцах, адкуль прыйшлі ўцекачы. Гэта азначае, што ахова знешніх межаў з’яўляецца ключавой».

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі кажа, што ў Брытаніі і Расеі розныя погляды на вайну ў Сірыі, але, паводле ягоных словаў, ён прапанаваў Пуціну засяродзіцца цяпер на Ісламскай дзяржаве «для бяспекі Брытаніі, для бяспекі Расеі».

«Гэта становіцца больш чым зразумела, што бяспека Еўропы залежыць ад поўнага знішчэння ІД, гэтага культу смерці, раз і назаўсёды, – заявіў Дэйвід Кэмэран.

Уладзімір Пуцін пакуль не выступаў з заявамі, але міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў паведаміў, што каардынацыю спісаў тэрарыстаў у Сірыі напярэдадні саміту ўсклалі на Іарданыю: «Нас гэта цалкам задавальняе. Між іншым і таму, што не так даўно мы стварылі расейска-іарданскі тэрарыстычны цэнтр».

Штогадовая сустрэча міністраў фінансаў і лідараў вялікай дваццаткі адбываецца сёлета ў турэцкай Антальі.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары