Лідара «Расейскамоўных Украінскіх Нацыяналістаў» не пусцілі ў Беларусь. «Масква забараніла»


Cяргей Замілюхін (на фота ў чорнай майцы) мяркуе, што Беларусь сталася закладнікам дамовы паміж Масквой і Менскам аб саюзнай дзяржаве. 

Напярэдадні Новага году Сяргей Замілюхін ехаў з Кіева ў Гомель, да цёшчы з цесцем, дзе на яго чакала жонка і дачка. Пры перасячэнні мяжы высветлілася, што лідар нацыяналістаў знаходзіцца ў гэтак званым «чорным спісе» неўяздных. Кіраўнік памежнай змены патлумачыў Замілюхіну, што той аказаўся ў ім па просьбе расейскага боку.

«У святле апошніх заяваў прэзідэнта Беларусі пра нейтралітэт і наладжванне стасункаў з Украінаю ды Захадам, тое, што адбылося ўвечары 30-га, было як снег на галаву», – каментуе Сяргей Замілюхін сваю няўдалую спробу ўехаць у Беларусь.

Нагадаем, што ў лістападзе 2015 года пачала дзеяць дамова аб узаемным прызнанні забаронаў на ўезд паміж Беларуссю і Расеяй. Шэраг экспертаў лічыць, што такое рашэнне шкодзіць іміджу нашай краіны і ставіць пад пытанне ейную самастойнасць па некаторых пытаннях.

«Расейскамоўныя Украінскія Нацыяналісты» – арганізацыя, якая мае прадстаўніцтвы ў шасці буйных гарадах Украіны і мае на мэце абʼяднаць патрыётаў краіны, незалежна ад мовы, на якой тыя гавораць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары