Лідару Партыі БНФ Янукевічу вынеслі спагнанне «завочна» за абарону Курапатаў


10 красавіка суддзя Заводскага раёну горада Менску Алена Някрасава вынесла Янукевічу спагнанне ў памеры 50 базавых велічыняў.


У Заводскім судзе Менску ў пятніцу, а 16 гадзіне (7 красавіка) пачалі разгледжанне адміністрацыйнай справы лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Суд вяла суддзя Някрасава. 

16:45 Суддзя Някрасава Алена Цімафееўна выдалілася для прыняцця рашэння, абвяшчэнне якога адбудзецца а 9-50 10 красавіка, у панядзелак.

16:18 Суддзя Някрасава распачала судовае паседжаенне. Адзначыла, што мае інфармацыю, паводле якой Янукевіч афіцыйна не працаўладкаваны. Па пратаколе ад 24 лютага сведкам выступае электрык ААТ «Белрэканструкцыя» Сівы Дзмітры Вікенцьевіч, па пратаколе ад 25 лютага сведкамі сталіся старэйшы ўчастковы інспектар міліцыі Савецкага РУВД г. Менску Мацкевіч Павел Іванавіч і ўчастковы інспектар Савецкага РУВД г. Менску Абрамчук Анатоль Аляксандравіч.

16:14 Усцяж чакаем на пачатак судовага паседжання. Суддзі ў судовай залі пакуль няма.

16:00 Чакаем на пачатак судовага паседжання.

Янукевіча асудзілі па частцы 3 артыкула 23.34 КААП РБ. Вядома, што ў матэрыялах адміністрацыйнай справы маюць месца тры адміністрацыйных пратаколы за ўдзел у абароне Курапатаў.

Санкцыя прадугледжвае накладанне спагнання ў памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

Сам спадар Янукевіч сёння знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Раней лідар Партыі БНФ прапанаваў суду перанесці разгледжанне справы на іншы дзень у сувязі са службовай камандыроўкай на міжнародную канферэнцыю. Але суддзя Някрасава адмовіла.

Ведаючы, што старшыні Партыі  БНФ не будзе нават у краіне, запатрабавала аформіць яму прымусовы прывад на судовае паседжанне.

5 красавіка Аляксей Янукевіч атрымаў афіцыйны адказ на калектыўны зварот на прапанову ўдакладнення зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1930-1940 гг) ва ўрочышчы Курапаты».

«Мінкульт на абароне інтарэсаў чыноўнікаў. Нечаканасьцяў няма, на жаль», – пракаментаваў адказ намесніка міністра культуры Яцко Янукевіч.

Завочныя суды не рэдкасць у Беларусі. Так, 24 сакавіка завочна асудзілі лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка на 15 содняў. Яго затрымалі у аўтобусе, калі спадар Вячаслаў ехаў на Паўночныя могілкі, дзе адбывалася пахаванне ягонага дзядзькі. 17 сакавіка суддзя Маскоўскага суду аштрафаваў актывіста «Zмены» Паўла Вінаградава на 50 базавых велічыняў.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў