Лідару армянскага пратэсту пагражае 10 гадоў турмы


21 красавіка супраць стваральніка пратэставага руху «Адмоў Сэржу!» завялі крымінальную справу.

А 14-ай гадзіне ў кавярню, дзе палітолаг Армэн Грыгар’ян планаваў сустрэцца з замежнымі журналістамі, уварваліся паліцыянты ў масках. Вядомага грамадскага актывіста пасадзілі ў аўтобус без апазнавальных знакаў і вывезлі ў невядомым кірунку. Пазней стала вядома, што Спецыяльная следчая служба Арменіі завяла супраць актывіста крымінальную справу па артыкуле «Арганізацыя масавых беспарадкаў».

Грыгар’ян – паплечнік Нікола Пашыньяна, які стаў на чале вулічных акцыяў супраць прызначэння Сэржа Саргсьяна прэм’ерам краіны. Пратэст трывае ўжо тыдзень, паліцыя затрымала сотні людзей. Толькі ў пятніцу паліцыя затрымала больш за 180 маніфестантаў.

Сёння служба нацыянальнай бяспекі заявіла, што арыштавала 6 чалавек, якія нібыта рыхтавалі серыю тэрактаў з мэтаю «выклікаць атмасферу страху» і аказаць «ціск на ворганы ўлады».

Сёння Саргсьян прапанаваў Пашыньяну сесці за стол перамоваў. Той адказаў, што ўжо «занадта позна».

Пратэсты з патрабаваннем адстаўкі Саргсьяна адбываюцца і ў іншых гарадах.

Аляксандр Папко/ДД

Стужка навінаў