Лідар «Старога Ольсы» пра турнэ ў ЗША: Нас слухалі са здзіўленнем і захапленнем

video

Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» вярнуўся з 2-месячнага туру па ЗША. Пра тое, як успрымалі беларускіх музыкаў амерыканцы, «Белсат» пагутарыў з кіраўніком і стваральнікам калектыву Змітром Сасноўскім.

Музыка распавёў, што гурт паставіў у ЗША свой рэкорд па выступах, пабываўшы цягам двух месяцаў у 20 штатах і праехаўшы ўсю краіну ад узбярэжжа Ціхага акіяну да Атлантычнага.

«Агульнай колькасцю мы зайгралі каля 50 канцэртаў. Часам мы давалі не канцэрты, але 5 выступаў у дзень, прычым такіх дзён магло быць 2-3 запар. Гэта было нялёгка і фізічна, і псіхічна. Але тое, як нас успрымалі амерыканцы, нас вельмі падтрымлівала. Справа ў тым, што ў Амерыцы аўтэнтычнай сярэднявечнай музыкі вельмі мала. Шмат якія амерыканскія фестывалі маюць у дзень 20 тыс. наведнікаў і болей. Яны са здзіўленнем і захапленнем нас слухалі», – заўважыў спадар Сасноўскі.

Амаль на кожны канцэрт гурта ў ЗША прыходзілі беларусы, а таксама ўкраінцы, расейцы, палякі.

«Асабліва вылучаліся беларусы, бо гэта добрая традыцыя і новыя мода – хадзіць на ўрачыстыя мерапрыемствы ў вышыванках. Іх заўважна ва ўсім натоўпе. Пасля канцэрту яны (беларусы – рэд.) прыходзілі і дзякавалі за спевы на роднай мове. Шмат хто з іх культывуе беларускую мову ў сваіх семʼях. Яны нават запрашалі ў госці. Мы пабывалі, напэўна, у 5 семʼях у гасцях, пазнаёміліся з імі – гэта вельмі цудоўныя людзі, якія даўно там жывуць, некаторыя семʼі ўжо ў другім пакаленні, але памятаюць мову, традыцыі, святы, сімвалы, кнігі. Гэта вельмі прыемна. Яны ўспрымалі нас з асаблівай пяшчотай», – падкрэсліў кіраўнік «Старога Ольсы».

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары