Лідар Партыі БНФ: Апазіцыі не ўдасца дамовіцца пра адзінага кандыдата


Відавочна, што дамоўленасць аб адзіным кандыдаце ў прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2015 года не будзе дасягнутая. Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 31 студзеня на сойме арганізацыі.

Паводле ягоных словаў, апазіцыйныя структуры маюць розныя падыходы і погляды на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. У выніку не атрымліваецца дамовіцца нават аб стварэнні ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча, інфармуюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

Янукевіч адзначыў, што цяпер ніхто не кажа аб сваім рэальным удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах. Паводле яго, нават лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які заявіў пра намер вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, у выніку здымецца з выбараў.

Янукевіч паведаміў, што ў ініцыятараў кампаніі «Народны рэферэндум» (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ) ёсць дамоўленасць аб сумесным вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты. Паводле яго, называюцца асобныя прозвішчы, «але не факт, што яны будуць прымальнымі для іншых арганізацыяў».

«Усе чакаюць, бо сітуацыя хутка мяняецца», – адзначыў Янукевіч. Паводле яго словаў, Партыі БНФ таксама цяпер «не трэба ўвязвацца», называючы свайго кандыдата, пакуль не стане ясна, у якой сітуацыі будзе праходзіць выбарчая кампанія.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары